2011-05-21 12:00:13

Бэнэдыкт XVI прызначыў новага Апостальскага нунцыя на Украіне


RealAudioMP3 21 мая Святы Айцец прызначыў новага Апостальскі Нунцый на Украіне. Ім стаў Яго Эксцэленцыя Томас Эдвард Галіксан, тытулярны арцыбіскуп Бомарцо. Да гэтага часу ватыканскі дыпламат амерыканскага паходжання з’яўляўся Апостальскім нунцыем у Трынідадзе і Табага, а таксама ў краінах рэгіёну Малых Антыльскіх астравоў.

Томас Эдвард Галіксан нарадзіўся 14 жніўня 1950 г. у Су-Фолс у ЗША. 27 чэрвеня 1976 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. У 1981 г. ён пачаў рыхтавацца да дыпламатычнай службы ў Папскай Касцёльнай Акадэміі. 2 кастрычніка 2004 г. папа Ян Павел ІІ прызначыў яго Апостальскім нунцыем у Трынідадзе і Табага. Біскупскую сакру 11 лістапада 2004 г. яму ўдзяліў кардынал Джавані Лаёла. Адначасова арцыбіскуп Галіксан быў прызначаны Апостальскім нунцыем, акрэдытаваным у іншых краінах Малых Антыльскіх астравоў: Багамах, Дамініцы, Сэнт-Кітс і Нэвіс, Сэнт-Люсія, Сэнт-Вінцэнт і Грэнадзінах, Антыгуа і Барбудзе, Барбадосе, Ямайцы, Грэнадзе, Сурынаме і Гаяне.

Арцыбіскуп Галіксан змяніў на пасадзе дыпламатычнага прадстаўніка Апостальскай Сталіцы на Украіне арцыбіскупа Івана Юркавіча, які некалькі месяцаў таму быў прызначаны Апостальскім нунцыем у Расійскай Федэрацыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.