2011-05-20 14:47:14

Ватыкан: каталіцка-мусульманская сустрэча


RealAudioMP3 18-19 мая ў Рыме праходзіла сустрэча Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу з прадстаўнікамі Каралеўскага інстытута міжрэлігійных даследаванняў з Амману, сталіцы Іарданіі. Тэмай перамоваў стала: “Важнасць агульных каштоўнасцяў у адукацыі хрысціян і мусульман”. Працамі форума кіравалі кардынал Жан-Луі Туран, старшыня ватыканскай дыкастэрыі і дырэктар іарданскага інстытута, прафесар Камэль Абу Ябэр.

“Сярод гуманістычных каштоўнасцяў, якія падтрымліваюцца і хрысціянамі, і мусульманамі знаходзіцца перакананне аб святасці чалавечага жыцця, яго годнасці і неад’емных правах, якія вынікаюць з гэтага, - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Апостальскай Сталіцы. Калі справа тычыцца рэлігійных каштоўнасцяў, некаторыя з іх – агульныя для абедзьвух рэлігій, а іншыя спецыфічныя для кожнай. Таму важна паказаць падабенствы і вызначыць адрозненні”.

Удзельнікі форума выказалі перасцярогу перад фарміраваннем у адукацыйным працэсе антаганістычных ці канфліктных настрояў. Звярнулі ўвагу на неабходнасць укаранення ў маладых людзях як іх уласнай рэлігійнай ідэнтычнасці, так і адкрытасці на іншых.

Абодва бакі дамовіліся правесці наступнае пасяджэнне праз два гады. Яго папярэдзіць падрыхтоўчая сустрэча.







All the contents on this site are copyrighted ©.