2011-05-19 13:32:39

Ямайка: Міжнародная экуменічная сустрэча за мір


RealAudioMP3 У сталіцы Ямайкі Кінгстане праходзіць Міжнародная экуменічная сустрэча за мір пад дэвізам: “Хвала Богу, мір на зямлі”. У працах, якія працягнуцца да 25 мая, прымае ўдзел больш за тысячу рэлігійных лідэраў і актывістаў у барацьбе за мір у свеце. Арганізатарам сустрэчы выступіла Сусветная рада цэркваў, яна прымеркавана да заканчэння Дэкады барацьбы з насіллем, якая была абвешчана ў 2001 г.

Удзельнікаў форума павітаў прэм’ер карыбскай краіны Брус Голдзінг. Ён пажадаў, каб гэта вялікая міжнародная сустрэча стала з’явай, якая будзе натхненнем для іншых і сама будзе чэрпаць натхненне з акружаючага яе асяроддзя.

Генеральны сакратар Сусветнай рады цэркваў, нарвежскі лютэранскі пастар Олаф Фікс Твейт прапанаваў, каб найбліжэйшую нядзелю 22 мая прысвяціць справе міру, молячыся ў гэтай інтэнцыі і распавядаючы аб гэтым вернікам.

Гэтую ініцыятыву падтрымаў Канстантынопальскі Патрыярх Барталамей І. Ён скіраваў адмысловы ліст да ўсіх дыяцэзій і парафій свайго Патрыярхата. Іерарх адзначыў, што міжчалавечыя канфлікты часта непазбежныя, але трэба адмовіцца ад гвалту і вайны. “Нашы намаганні ў дасягненні міру з’яўляюцца часта неэфектыўнымі, бо мы не можам адмовіцца ад спажывецтва і нацыяналістычных імкненняў”, - напісаў Барталамей І.

Сусветная Рада Цэркваў была створана ў 1948 г. У яе ўваходзяць 349 супольнасцяў розных хрысціянскіх дэнамінацый. Каталіцкі Касцёл хоць не з’яўляецца членам рады, з 1964 г. супрацоўнічае з ёй.







All the contents on this site are copyrighted ©.