2011-05-18 13:01:37

Трэці этап каталіцка-англіканскага дыялога


RealAudioMP3 У каталіцкім кляштары ў Бозэ ў паўночнай Італіі праходзяць працы Міжнароднай англіканска-каталіцкай камісія. Удзельнікі форуму, які працягнецца да 27 мая, разважаюць над пытаннем разумення адзінства ў двух традыцыях. Гэта ўжо трэцяя сустрэча камісіі.

Як падкрэсліў кс. прэлат Марк Лангам з Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, пытанне адзінства з’яўляецца вынікам размоваў Святога Айца з Прымасам Анліканскай супольнасці арцыбіскупам Роўэнам Уільямсам падчас сустрэчы ў Рыме ў 2009 г. Мова ідзе аб адказе на пытанне, чым з’яўляецца Касцёл на паўсюдным і мясцовым узроўнях. Кс. Лангам адзначыў, што гэта дапамагае англіканам паглядзець інакш на саміх сябе. Ён падкрэсліў, што сустрэча ў Бозэ дапаможа знайсці прычыны існуючых розніц і агульныя прынцыпы, не закранаючы розніц у этычных праблемах.

З іншага боку Элісан Барнэт-Коўэн, кіраўнік Бюро па справах адзінства, веры і ладу Англіканскай супольнасці, сказала, што не бачыць прычын, каб не закрануць таксама пытанняў, якія падзяляюць англікан і католікаў.

Дыялог у рамках Міжнароднай англіканска-каталіцкай камісіі вядзецца з 1970 г. Распрацаваныя да гэтага часу дакументы паказваюць стан дыялогу паміж абодвума Касцёламі, іх агульныя элементы і з’яўляюцца асновай для экуменічнага дыялогу і дагматычных разважанняў.







All the contents on this site are copyrighted ©.