2011-05-17 13:37:24

“Homo caritatis”. Павага да жыцця, як фундамент будучыні грамадства


RealAudioMP3 У мінулых праграмах мы пачалі размаўляць аб публічным вымярэнні хрысціянства. Мы ўбачылі, што хрысціянства прапаноўвае сябе як найбольш глыбокую патрэбу чалавека. Тыя крытэрыі грамадскага жыцця, якія прапаноўвае вера ў Хрыста могуць стаць таксама асновай для грамадскага ладу, для супольнага жыцця людзей. Таму хрысціянства вядзе дыялог з палітыкай і, паважаючы яе аўтаномію, заклікае таксама ўступіць у гэты дыялог і заўважыць у хрысціянскім пасланні нешта, што не супрацьпастаўляючыся ідэалам супольнага жыцця, можа зрабіць гэтае жыццё больш дасканалым.

Неабходнасць маральных арыенціраў

Ян Павел ІІ у сваёй энцыкліцы “Evangelium vitae” (“Евангелле жыцця”) кажа, што “калі ў выніку калектыўнага зацямнення сумлення, скептыцызм падвергне сумневам фундаментальныя прынцыпы маральнага закона, дзяржаўны парадак будзе парушаны ў сваіх асновах і звядзецца толькі да механічнага і прагматычнага рэгулявання розных і супрацьлеглых інтэрэсаў”. Гэта значыць, што існуюць чалавечыя і маральныя каштоўнасці, які ніякая дзяржава не можа змяніць ці знішчыць. Яны не грунтуюцца на часовай і зменлівай “большасці” галасоў: іх трэба проста прызнаваць, паважаць і зацвярджаць як элементы маральнага закона, запісанага ў сэрцы чалавека, і як арыенцір для грамадзянскага закона.

Каб наша праграма насіла больш практычны характар, я прапаноўваю канкрэтна разглядзець тыя сферы, дзе прысутнасць хрысціянства з’яўляецца неабходнай, каб удзельнікі палітычнага жыцця не згубілі шляху да сапраўднага дабра кожнай чалавечай асобы.

Анталагічны характар прыроды чалавека

Адной з такіх сфераў з’яўляецца абарона жыцця чалавека ад моманту зачацця да натуральнай смерці. Мы павінны ўсведамляць, што жыццё чалавека пачынаецца ў момант зачацця. Ад гэта моманту існуе чалавечае жыццё, эмбрыён, плод, дзіця. Любая спроба вылічыць тэрмін, з якога моманту ён можа лічыцца чалавекам з’яўляецца штучнай і ў ім зацікаўлены перш за усё тыя, хто хоча ўмяшацца ў гэтае жыццё.

Важным аргументам можна лічыць той, што чалавечая асоба мае сваю прыроду. Кожны з нас надзелены прыродай, якая робіць нас кімсці, а не чымсці. Пярэчыць існаванню чалавечай прыроды, азначае не бачыць розніцы паміж каменем, жывёлай і чалавекам. Гэта прырода каштоўная сама па сабе і мы набываем яе таксама ў момант зачацця. Ніхто не можа пазбавіць нас яе, яна мае сваю аўтаномію і духоўную годнасць. Гэта значыць, што кожны чалавек мае сваю каштоўнасць з прычыны свайго “быць”, а не “рабіць” ці “мець”. Такое разуменне адносіцца і да чалавека які прыбывае ў коме, які з-за старасці не можа больш выконваць шматлікія функцыі. Ніякія знешнія фактары не могуць пазбавіць чалавека яго прыроды: ні беднасць, ні адзінота, ні старасць, не статус “яшчэ ненароджаны”. Варта дадаць, што гэтыя фактары наадварот павінны ставіць чалавечую асобу ў цэнтр увагі іншых і ўсяго грамадства. І ў адносінах да іх мы павінны быць больш салідарныя, адкрытыя і клапатлівыя. Бо хто слабейшы за дзіця, якое знаходзіцца пад сэрцам маці і мае патрэбу ва ўсім, або чалавека з хворобай Альцгеймера?

На жаль, сёння з’яўляецца ўсё больш розных антрапалагічных тэорый, якія разглядаюць чалавека толькі як “цела”, гены ці нейроны. Некаторыя кажуць, што чалавек, гэта жывёла толькі больш развітая ў працэсе эвалюцыі, што каханне, гэта толькі вынік хімічных рэакцый, што чалавечай прыроды не існуе, а ёсць толькі чалавечыя фенамены, якія можна вытлумачыць навукова, што нашы здольнасці звязаны толькі з нашымі генамі і г.д. Аднак, калі кожны з нас глядзіць у вочы іншаму чалавеку, то бачыць і разумее, што перад ім знаходзяцца не толькі хімічныя, фізічныя, біялагічныя рэакцыі, змешчаныя ў адным целе. Перад сабой мы бачым асобу, а не набор нерваў. Пазнаць прыроду чалавека немагчыма выключна з дапамогай навукі, як думаюць тыя, хто змагаецца супраць чалавечага жыцця.

Пагроза чалавечаму жыццю

Сёння чалавечаму жыццю больш за ўсё ў свеце пагражаюць аборты. Кожны год у свеце здзяйсняецца сапраўдны халакост. Беларусь знаходзіцца сёння на вяршынях рэйтынгаў па забойству ненароджаных дзяцей. Напрыклад у такіх краінах як Індыя і Кітай, існуе закон аб адным дзіцяці. Пры гэтым пажадана, каб гэта быў хлопчык, а не дзяўчынка. Многія арганізацыі, такія як: ААН, ЮНЕСКА ці ЮНІСЭФ, у рамках санітарных і культурных праграм у бедных краінах падтрымліваюць выкарыстанне абортаў. На канферэнцыях: па праблемах народанасельніцтва і развіцця, якая праходзіла ў 1994 г. у Каіры і па праблемах жанчын у 1995 г. у Пекіне, ААН прапанавала ідэю, паводле якой, для таго, каб бедныя краіны дасягнулі развіцця, ім трэба абмежаваць сваё насельніцтва праз кантрацэпцыю і абартыўную палітыку. Такім чынам, у многіх бедных краінах за апошнія гады была вельмі развіта палітыка масавай стэрылізацыі жанчын.

Права на жыццё - клопат дзенасці хрысціян у палітыцы

Хрысціянін, які хоча займацца палітыкай ці грамадскай дзейнасцю, не можа заставіць па-за сваёй увагай гэту праблему. Тэма абароны жыцця не можа ім разглядацца толькі як факультатыўная сфера ў агульным спісе палітычнай, адміністрацыйнай, заканадаўчай ці грамадскай дзейнасці. Права на жыццё з’яўляецца асноўным для дэмакратыі, для справядлівасці і прававой дзяржавы. Яно мае першаснае палітычнае значэнне і не можа заставацца толькі на ўзроўні індывідуальнага сумлення.

Варта дадаць, што жыццё грамадства патрабуе ўзаемнага клопату, грамадскага сяброўства, братэрства і бескарыснасці. Яно не можа грунтавацца толькі на сіле, ці кантракце. Грамадства, якое падпарадкоўваецца законам толькі са страху перад пакараннем – хісткае. Калі яно зачыняе дзверы перад нараджэннем новага жыцця, маргіналізуе хворых і бедных – становіцца слабым. Яно не заўважае самаго фундаменту, на якім трэба будаваць будучыню. Без павагі, салідарнасці і братэрскай любові да тых, хто слабейшы, грамадства ніколі не будзе развівацца.








All the contents on this site are copyrighted ©.