2011-05-17 12:58:08

Кс. Юзэф Кубіцкі загінуў у аўтакатастрофе


RealAudioMP3 Кс. Юзэф Кубіцкі, дырэктар бюро Групы дапамогі Касцёлу ва Усходняй Еўропе пры Сакратарыяце польскай біскупскай канферэнцыі загінуў 16 мая ў аўтакатастрофе недалёка ад Варшавы. Яму было 59 гадоў. Нарадзіўся 30 мая 1951 г., 9 мая 1977 г. атрымаў святарскае пасвячэнне, быў прэфектам і віцэрэктарам семінарыі ксяндзоў хрыстусоўцаў у Познані.

Група на чале з кс. Кубіцкім на працягу многіх гадоў у Другую нядзелю Адвэнту вядзе штогадовы агульнанацыянальны збор сродкаў для Касцёла ва Усходняй Еўропе. У мінулым годзе было сабрана 2 млн. 170 тысяч злотых. Кс. Юзэф Кубіцкі кіраваў бюро з 2000 г. Ён арганізоўваў збор ахвяраванняў і перадаваў сродкі на рамонт і будаўніцтва касцёлаў, капліц, дзіцячых садоў. Прыкладаў намаганні, каб на евангелізацыйную працу ва Усходнюю Еўропу выяжджалі добра падрыхтаваныя святары, законніцы і свецкія валанцёры з Польшчы.

"Нязведанымі застаюцца для нас планы Божыя, да гэтага часу я не магу паверыць у навіну, якую атрымаў, што наш вялікі сябар і дырэктар бюро Групы дапамогі Касцёлу ва Усходняй Еўропе адышоў да Пана", - сказаў Біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін. - "Смерць кс. Кубіцкага мы прымаем з болем, молімся за яго, - адзначыў іерарх. Верым, што ён у Пана за тое, што зрабіў для Касцёла і бліжніх. Ён быў святым, цудоўным святаром, братам, які заўсёды хацеў быць з намі. Ён быў чалавекам поўным энергіі і дынамізму.

Біскуп Блін нагадаў, што ў мінулым годзе за выдатныя заслугі кс. Кубіцкі па ініцыятыве Віцебскай дыяцэзіі атрымаў папскую ўзнагароду “Pro Ecclesia et Pontyfice”.







All the contents on this site are copyrighted ©.