2011-05-17 14:17:30

Cвецкі ўпершыню стаў сакратаром Камісіі па справах Лацінскай Амерыкі


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI прызначыў на пасаду Сакратара Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі выкладчыка з Уругвая Гусмана Каррыкіры Лекура. Упершыню свецкі чалавек займае такі важны пост у Апостальскай Сталіцы.

Да гэтага часу Гусман Каррыкіры Лекур займаў пасаду намесніка Сакратара Папскай рады па справах свецкіх. На новай пасадзе ён змяніў калумбійскага іерарха, арцыбіскупа Актавія Руіса Арэнаса, які некалькі дзён таму быў прызначаны на пасаду Сакратара Папскай рады па Новай Евангелізацыі.

Гусман Каррыкіры Лекур нарадзіўся ў Монтавідэа (Уругвай) 20 красавіка 1944 г. Жанаты, мае 4 дзяцей. Ужо амаль 40 гадоў працуе ў Ватыкане. Быў першым свецкім чалавекам, прызначаным кіраўніком аддзела пры папе Паўлу VI, а таксама першым свецкім – намеснікам сакратара дыкастэрыі пры Яне Паўле II. На апошняй пасадзе ён прапрацаваў амаль 25 гадоў.

Камісія па Лацінскай Амерыцы была заснавана Папам Піем XII у 1958 г. Яе мэта – падтрымка Каталіцкага Касцёла ў Лацінскай Амерыцы. Камісія займаецца рашэннем дактрынальных, душпастырскіх, місійных і інш пытанняў. Асаблівыя намаганні накіроўваюцца на садзейнічанне Новай Евангелізацыі. Кіраўніком камісіі з'яўляецца кардынал Марк Уэлле, прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.