2011-05-11 13:55:47

Патрыярх Барталамей І: войны, гэта крыніцы бясконцых канфліктаў


RealAudioMP3 17-22 мая ў Кінгстоне на Ямайцы адбудзецца міжнародная экуменічная сустрэча Сусветнай Рады Цэркваў на тэму: “Перамагчы насілле”. Да ўдзельнікаў гэтага форума Патрыярх Канстантынопаля Барталамей І скіраваў спецыяльнае пасланне, у якім адзначае, што “свет сустракаецца з прынцыпова новай сітуацыяй, якая патрабуе тэрміновага ўмяшальніцтва на карысць міру”. Патрыярх заклікаў спыніць “гвалт і войны”. “Яны становяцца крыніцамі бясконцых канфліктаў”,- адзначыў Барталамей І. “Імкненне да міру заўсёды было праблемай, але сітуацыя ў якой мы знаходзімся сёння, з’яўляецца беспрэцэдэнтнай, бо пошук міру патрабуе радыкальных зменаў, навяртання і мужнасці”.

Патрыярх заклікаў кіраўнікоў хрысціянскіх Цэркваў актыўна працаваць дзеля пабудовы міру “ў складаным і неспакойным свеце”. “Ад Цэркваў сёння патрабуецца пераадолець рэтарычныя асуджэнні гвалту, прыгнёту і несправядлівасці. - адзначае ў сваім лісце Барталамей І - Яны павінны прыняць меры, якія дапамогуць пабудаваць культуру міру. Для Царквы, мір і яго пабудова з’яўляюцца важным элементам яго жыцця і місіі ў свеце. Шматлікія намаганні людзей ў гэтай справе з’яўляюцца марнымі, бо яны не гатовы адмовіцца ад матэрыяльных імкненняў і нацыяльнаснай гордасці. Вось чаму для ўсталявання міру з’яўляецца неабходнай дзейнасць на карысць іншых, асабліва бедных. Без міру не можа быць справядлівасці”,- адзначыў Патрыярх Барталамей ў сваім пасланні да ўдзельнікаў экуменічнай сустрэчы ў Кінгстоне.








All the contents on this site are copyrighted ©.