2011-05-11 11:13:54

Мексіканскія біскупы супраць наркатычных войн


RealAudioMP3 10 мая ў сталіцы Мексікі каля 100 тыс. чалавек прынялі ўдзел у дэманстрацыі, падчас якой патрабавалі спыніць гвалт у гэтай краіне. Атмасфера насілля, выкліканая вайной паміж групіроўкамі, якія займаюцца гандлем наркотыкамі, пануе ў краіне ўжо доўгі час і ад яе вельмі пакутуе насельніцтва. З 2006 г. у выніку барацьбы з бандамі гандляроў наркотыкамі і іх унутраных канфліктаў загінула каля 40 тыс. чалавек. За 2011 г. налічваецца ўжо каля 3 тыс. ахвяр.

Сваю салідарнасць з дэманстрантамі выказаў Каталіцкі Касцёл. У пасланні, якое апублікавала Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Мексікі, адзначаецца неабходнасць спынення насілля, забойстваў і войнаў паміж групіроўкамі. Іерархі звяртаюць увагу на праявы карупцыі сярод службовых асоб, прадстаўнікоў улады і юрыстаў. “Мы не хочам больш выкрадання асоб і катаванняў! Мы стаміліся ад болю тысяч сем’яў, жанчын, дзяцей, моладзі і людзей працы. Хопіць страху, няўпэўненасці, гвалту і забойстваў. Мексіка хоча надзеі!” - адзначаецца ў пасланні.

Біскупы нагадваюць, што мір неабходны для развіцця краіны. Адзначаецца, што ён неабходны не толькі у міжчалавечых адносінах, але таксама ва ўсіх сферах жыцця грамадства. Прадстаўнікі каталіцкага епіскапату заклікаюць да пабудовы ў Мексіцы культуры без насілля, а ўлады, “ствараць прававую дзяржаву і ўмацоўваць свой аўтарытэт сярод жыхароў краіны”.








All the contents on this site are copyrighted ©.