2011-05-10 11:50:11

“Homo caritatis”. Хрысціянства, гэта "сябра людзей"


RealAudioMP3 У мінулай праграме мы пачалі размову аб публічным вымярэнні хрысціянства. Сёння мы працягнем размаўляць аб гэтай тэме, тым больш, што яна становіцца ўсё больш актуальнай з кожным днём. Дастаткова прыгадаць дыскусію, якая разгарнулася на мінулым тыдні ў інтэрнэт-прасторы з нагоды зварота Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча аб рэпрадуктыўных тэхналогіях. У многіх каментарыях гучалі выказванні, што Касцёл павінен займацца пытаннямі душы чалавека і не лесці ў грамадскія справы. Ці сапраўды гэта так? Ці Касцёлу, што абапіраецца на вопыт, якому больш 2000 гадоў і Мудрасць, якой няма пачатку і канцу, няма чаго сказаць аб арганізацыі супольнага жыцця людзей?

У мінулай праграме мы адзначылі, што хрысціянства мае гістарычны характар. Яно з’яўляецца сустрэчай з рэальнай Асобай, Езусам Хрыстом, які жыў і дзейнічаў. Аб яго дзейнасці таксама сведчаць рэальныя людзі, якія існавалі ў гісторыі. Па-другое мы звярнулі ўвагу на грамадскі характар гэтага паслання – на тое што Езус дзейнічаў сярод людзей і для людзей. Па-трэццяе мы ўбачылі, што сама па-сабе прырода Бога, Адзінства ў Трох Асобах, з’яўляецца ўзорам для супольнага жыцця людзей.

Да гэтага варта дадаць яшчэ адзін аспект – хрысціянскае пасланне не з’яўляецца міфам ці фантастычным апавяданнем. Бог паказаў нам сваё “чалавечае аблічча”. Ён не прадстаў перад намі, як грознае бажэство, але як Розум і Любоў. Вера хрысціян з’яўляецца “сябрам людзей”. Дзейнасць і мова Хрыста не з’яўляюцца чужымі чалавеку і свету, але маюць рацыянальны фундамент. Таму яны зразумелы людзям з розных куткоў планеты. Хрысціянская рэлігія з’яўляецца “сапраўднай рэлігіяй”, а не ідалапаклонствам, прыдуманым чалавекам. Яна сустракаецца з ведамі, дысцыплінамі, рацыянальнасцю, з якой людзі арганізуюць сваё грамадскае жыццё.

Св. Ян кажа нам аб тым, што праз Сына былі створаны ўсе рэчы. Стварэнне выражае пэўны парадак, плён творчага Розуму. І мы верым у тое, што з’яўляемся не вынікам выпадковасці, а вынікам Любові. Стварэнне з’яўляецца дабром, а жыццё пазітыўным дарам. Таму перад хрысціянамі стаіць заданне бараніць гэтае жыццё. Права на жыццё, на рэлігійную свабоду, права на сям’ю і сужонства і іншыя правы з’яўляюцца для католіка аб’ектам клопату і абароны, грамадскай, заканадаўчай і палітычнай дзейнасці, бо яны злучаюцца з тым парадкам, які быў задуманы Богам адносна нас. Хрысціянін не можа абмежавацца індывідуальным сведчаннем, але павінен узяць на сябе грамадскую адказнасць. Немагчыма аддзяліць сацыяльную этыку ад хрысціянства, хоць яно далёка не абмяжоўваецца толькі этыкай.

Чалавечы розум мае права бачыць рэчы па-свойму, але мы памятаем, што ў выніку першароднага граху мы не ў стане бачыць усёй глыбіні праблемы. Прырода чалавека паранена. Яна здольна губляць добры шлях. Гэта тычыцца таксама публічнага і палітычнага жыцця людзей. Хрысціянства давярае чалавеку і яго здольнасці бачыць супольнае дабро, аднак у той жа час бачыць яго слабасці. Бачыць, што грамадства заўсёды патрабуе ачышчэння. Грамадзянскія цноты пастаянна маюць патрэбу ў падтрымцы і накірунку. Таму палітычная супольнасць патрабуе хрысціянства, Касцёла і бачнай прысутнасці вернікаў у жыцці грамадства.

Неабходна блізкае ўзаемадзеянне паміж верай і розумам. Хрысціянства мае грамадскую каштоўнасць, таму што чалавечы розум не можа бачыць усёй поўні годнасці і натуральнага закона. У сваіх прэтэнзіях на тое, каб лічыцца праўдай, хрысціянтва прапаноўвае сябе, як найбольш глыбокая патрэба чалавека. Хрысціянства, як кажа Бэнэдыкт XVI у сваёй энцыкліцы “Caritas in Veritate” (“Любоў у праўдзе”), “не толькі карыснае, але таксама неабходнае для стварэння такой супольнасці людзей, дзе вызнаецца трансцэндэнтая годнасць чалавека”. Таму хрысціянства звяртаецца з заклікам да розуму, грунтавацца на яго пасланні адносна сапраўднага супольнага дабра. Хрысціянства вядзе дыялог з палітыкай, і паважаючы яе аўтаномію, заклікае яе таксама ўступіць у гэты дыялог і бачыць у хрысціянскім пасланні нешта, што не супрацьпастаўляецца ідэалам супольнага жыцця, але прапаноўвае зрабіць гэтае жыццё больш дасканалым.

Нарэшце апошні элемент грамадскай каштоўнасці хрысціянтсва мае эсхаталагічны характар, г.зн., тычыцца апошніх рэчаў, якія Бог падрыхтаваў для нас. Напрыканцы часоў Бог прымірыць усе рэчы. Усёй рэальнасці наканавана перарадзіцца. Хрыстус Альфа і Амега і яго збаўленне тычыцца ўсяго, што існуе. Таму немагчыма абмежаваць дзейнасць Хрыста толькі некаторымі сферамі свайго жыцця, як напрыклад унутранае збаўленне, яна павінна сягаць ўсіх вымярэнняў.








All the contents on this site are copyrighted ©.