2011-05-07 16:59:13

“Octava Dies”. Плыві на глыбіню!


RealAudioMP3 Ужо амаль тыдзень мінуў пасля беатыфікацыі Яна Паўла ІІ, а гэта падзея ўсё яшчэ ўмацоўвае нас у веры і адбіваецца ў сэрцах вернікаў з розных куткоў планеты. Тэме беатыфікацыі благаслаўлёнага Папы прысвечана сённяшняе разважанне ў рубрыцы “Octava Dies” кс. Фэдэрыка Ламбардзі, дырэктара Ватыканскага радыё.

“Калі я ўбачыў труну ў адкрытай грабніцы Папы, я адразу падумаў: Вось, ён зноў сярод нас!”, прыпамінае словы кардынала Дзівіша кс. Ламбардзі. “Сапраўды, для верніка, Ян Павел ІІ заўсёды застаецца жывым і прысутным, аднак нельга адмаўляць таго, што ў дні беатыфікацыі мы аднавілі яго прысутнасць сярод народа Божага праз малітву і святкаванні, - кажа дырэктар Ватыканскага радыё - Гэта былі дні вялікай ласкі. Так мы разумеем значэнне і важнасць беатыфікацыі, і асабліва гэтай, ў жыцці Каталіцкага Касцёла”.

Кс. Ламбардзі адзначае, што “у вялікім натоўпе людзей, які заставаўся каля плошчы св. Пятра да позняй ночы, былі шматлікія маладыя сем’і, з дзецьмі, якія нарадзіліся ўжо ў двухтысячныя гады, дзецьмі, якія, канешне, не ведалі папы Яна Паўла ІІ, але якія з’яўляюцца нашчадкамі пакалення “яго” моладзі”.

“Ян Павел ІІ ведаў аб сваім заданні ўвесці Касцёл у трэццяе тысячагоддзе, таму напрыканцы другога мілінеўма казаў да ўсяго народу Божага: “Duc in altum! Плыві на глыбіню! Касцёл уваходзіць у глыбокае мора трэццяга тысячагодзя, але ведае, што заўсёды можна разлічваць на падтрымку свайго вялікага Заступніка, які запрашае не баяцца, - піша кс. Ламбардзі - Ён працягвае падтрымліваць з Неба веру народа Божага. Ты нас шмат разоў благаславіў. Сёння мы просім цябе яшчэ : Святы Айцец, благаславі нас!”








All the contents on this site are copyrighted ©.