2011-05-03 11:10:34

Цела бл. Яна Паўла ІІ спачыла ў ватыканскай базыліцы


RealAudioMP3 “Труна з целам Яна Паўла ІІ была змешчана ў капліцы св. Себясцьяна ватыканскай базылікі”, - паведаміў кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Ён адзначыў, што “2 мая, у 19.15, пасля закрыцця базылікі св. Пятра, пачалася ўрачыстая цырымонія перанясення цела новага благаслаўлёнага. Набажэнства пачалося працэсіяй, у якой прынялі ўдзел міністранты, канвентуальныя францішкане, члены капітула базылікі, а таксама біскупы, арцыбіскупы і кардыналы”.

Кс. Фэдэрыка Ламбардзі паведаміў таксама, што “працэсію ўзначаліў архіпрэзбітэр базылікі св. Пятра, кардынал Анджэло Камастры. Пасля малітвы пры канфесіі св. Пятра, працэсія прыбыла да капліцы св. Себасцьяна, дзе труна з целам Яна Паўла ІІ была ўжо папярэдне змешчана пад алтаром, хаця яе можна было яшчэ бачыць”.

“Пасля літаніі да святых папаў, тры разы быў скіраваны заклік “Благаслаўлёны Яне Паўле”. Адбылося акаджэнне, затым прагучала малітва да новага благаслаўлёнага”, - паведаміў кс. Ламбардзі.

Ён паінфармаваў, што пасля набажэнства працаўнікі ватыканскай базылікі змясцілі белую мармуровую пліту з надпісам “Beatus Ioannes Paulus PP.II” (Благаслаўлёны Ян Павел ІІ, папа) пад алтаром, закрываючы труну з целам.

“Цырымонія завяршылася ў 19.45. Ужо з сённяшняй раніцы вернікі прыбываюць да капліцы св. Себасцьяна, каб аддаць належную пашану новаму благаслаўлёнаму”, - паведаміў кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы.







All the contents on this site are copyrighted ©.