Кардынал Бэртонэ пра Яна Паўла ІІ: “Мы дзякуем Пану за тое, што даў нам такога Папу”
2 мая на плошчы св.
Пятра адбылася св. Імша падзякі за беатыфікацыю Яна Паўла ІІ. Яе ўзначаліў Дзяржсакратар
Яго Святасці папы Бэнэдыкта ХVI кардынал Тарчызіо Бэртонэ. У канцэлебрацыі прынялі
ўдзел таксама каталіцкія іерархі і святары з Беларусі.
У сваёй гаміліі кардынал
Бэртонэ падкрэсліў, што усё жыццё папы Яна Паўла ІІ характэрызавалася дыялогам любові
паміж Хрыстом і чалавекам. Гэта праяўлялася ў яго адданым служэнні Касцёлу і Богу.
Кардынал
Бэртонэ нагадаў, што новы благаслаўлёны быў чалавекам веры, Божым чалавекам, у якім
жыў Бог. “Яго жыццё было пастаяннай, няспыннай малітвай, якая ахоплівала любоўю кожнага
чалавека, створанага на вобраз і падабенства Бога, (...) Ён быў сапраўдным абаронцам
кожнай чалавечай істоты, змагаром за палітычную і сацыяльную справядлівасць”.
Іерарх
адзначыў, што для папы Яна Паўла ІІ “кожная жанчына і кожны мужчына былі сынамі, Божымі
сынамі, незалежна ад расы, колеру скуры, геаграфічна-культурнага паходжання ці нават
рэлігійных перакананняў. Яго адносіны да кожнага чалавека добра дэманстравалі яго
словы: “Я служу кожнаму”.
Звяртаючыся да вернікаў кардынал Бэртонэ сказаў,
што Касцёл дзякуе Пану за сведку веры, які навучыў, як трэба жыць верай і без страху
абараняць хрысціянскія каштоўнасці; як трэба сведчыць з мужнасцю і паслядоўнасцю
сваю веру ў штодзённым жыцці.
“Мы сёння дзякуем Пану за тое, што даў нам такога
кіраўніка, які жывучы глыбокай верай ў Бога, умеў данесці людзям праўду аб памерлым
і ўваскрослым Хрысце”, - адзначыў іерарх. - “Мы дзякуем Пану за тое, што даў нам такога
Папу, які здолеў даць Каталіцкаму Касцёлу не толькі ўніверсальны і маральны аўтарытэт,
ніколі не вядомы раней, але таксама паставу духоўную, біблійную, больш засяроджаную
на Слове Божым. Дзякуючы гэтаму Касцёл змог аднавіцца, пачаць “новую евангелізацыю”,
умацаваць экуменічныя і міжрэлігійныя адносіны і адшукаць шляхі для плённага дыялогу
з маладым пакаленнем”, - адзначыў у сваёй гаміліі кардынал Дзяржсакратар.
На
заканчэнне гаміліі ён адзначыў: “мы спяваем Пану гімн славы за тое, што даў нам чалавека
веры і малітвы, пастыра і сведка, кіраўніка на пераломе двух тысячагоддзяў. Хай гэтая
песня асвятляе нашае жыццё, каб мы не толькі ўшаноўвалі новага благаслаўлёнага, але
з дапамогай Божай ласкі, прытрымліваліся яго навучання і прыкладу”.