2011-05-02 13:07:24

Беларускія вернікі падзякавалі за беатыфікацыю Яна Паўла ІІ


RealAudioMP3 1 мая ў рымскай базыліцы “Santa Maria Maggiore” сабраліся амаль усе пілігрымы з Беларусі, якія прыбылі ў Рым на беатыфікацыю Яна Паўла ІІ. Падчас св. Імшы ў гэтай адной з чатырох вялікіх рымскіх базылік іерархі, святары і вернікі дзякавалі за дар Яна Паўла ІІ для Каталіцкага Касцёла, а асаблівым чынам для Касцёла ў Беларусі. Многія з іх асабіста сустракаліся з благаслаўлёным, так як напрыклад грэка-каталіцкі святар айцец Андрэй Абламейка, што зрабіла перажыванне ўрачыстасці яшчэ больш глыбокім.

Св. Імшу падзякі ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які адзначыў важнасць таго, што Касцёл вуснамі Бэнэдыкта XVI абвясціў благаслаўлёным Яна Паўла ІІ. “Сёння рэалізавалася тое, аб чым прасілі людзі сабраныя ў 2005 г. на пахаванні Пантыфіка. - сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч - Упершыню ў гісторыі Каталіцкага Касцёла Папа беатыфікаваў свайго папярэдніка. Гледзячы на постаць Яна Паўла ІІ, мы можам сказаць, што Бог у адпаведны час выбраў Касцёлу адпаведнага чалавека. Чалавека, які ўмеў добра чытаць знакі часу і адказваць на сучасныя выклікі”, - падкрэсліў іерарх.

У пілігрымцы вернікаў з Беларусі на беатыфікацыю Яна Паўла ІІ былі людзі, якія належаць да розных канфесій і прытрымліваюцца розных поглядаў. Па словах пілігрымаў, кожны з іх адчуў незвычайную блізкасць і роднасць Папы Вайтылы, якая адчуваецца пасля яго смерці ўсё больш і больш.







All the contents on this site are copyrighted ©.