2011-04-30 15:42:26

Хаакін Наварра-Вальс аб Яне Паўле ІІ


RealAudioMP3 Доктар Хаакін Наварра-Вальс, былы кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы і блізкі супрацоўнік Яна Паўла ІІ, адказваючы на пытанні іспанскай газеты “АВС”, падзяліўся сваімі ўспамінамі аб новым благаслаўлёным.

Распавядаючы аб шматлікіх падарожжах Папы Наварра-Вальс адзначыў, што падчас Пантыфікату Яна Паўла ІІ “было шмат важных апостальскіх падарожжаў, але вялікае ўражанне на ім зрабіў візіт у Азербайджан, у былую савецкую рэспубліку на Каўказе”. “Папа паехаў туды, - сказаў доктар Наварра-Вальс - ва ўзросце 80 гадоў, калі ўжо не мог хадзіць і гаварыў з вялікай цяжкасцю. Колькасць католікаў у гэтай краіне вельмі нязначная, аднак ён хацеў туды паехаць, таму што лічыў, што нават такая малая група вернікаў мае права сустрэццца з Рымскім Пантыфікам”.

На пытанне аб візіце ў Ватыкан Міхаіла Гарбачова былы кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы, адказаў, што “гэта быў вельмі незвычайны візіт: упершыню Генеральны сакратар Камуністычнай партыі СССР сустрэўся з Папам Рымскім”. “Незвычайным было тое, што яны добра разумелі адзін аднаго. - прыгадаў Наварра Вальс - У той дзень Ян Павел ІІ сказаў мне, што Гарбачоў, гэта чалавек прынцыпаў. Негледзячы на тое, што Гарбачоў публічна прызнаваў заслугі Папы ў падзеннні Бярлінскай сцяны, аднак героем яе падзення быў ён сам. Ён стрымаў абяцанне, што не будзе сілай вырашаць праблемы ў краінах Варшаўскага Дагавора”. “Гарбачоў таксама не дапусціў ваеннага ўмяшальніцтва ў Берліне ў 1989 г. і Папа вельмі цаніў гэта”, - адзначыў доктар Наварра-Вальс.








All the contents on this site are copyrighted ©.