2011-04-30 17:19:16

20-я гадавіна энцыклікі Яна Паўла ІІ “Centessimus annus”


RealAudioMP3 Яшчэ ніколі не здаралася, каб Папа быў беатыфікаваны дакладна праз 20 год пасля апублікавання сваёй энцыклікі. Але так здарылася з Янам Паўлам ІІ. 1 мая 1991 г. ён падпісаў сваю дзевятую энцыкліку “Centessimus annus” (“Соты год”), якая з’явілася ў сотую гадавіну апублікавання энцыклікі папы Льва ХІІІ “Rerum novarum” (“Новыя рэчы”) – фундаментальнага дакумента Каталіцкага Касцёла аб сацыяльных праблемах. Ян Павел ІІ, услед за сваімі папярэднікамі прыняў традыцыю новымі дакументамі нагадваць аб актуальнасці энцыклікі “Rerum novarum”. У 1981 г. ён выдаў энцыкліку “Laborem exercens” (“Выконваючы працу”), пасля якой, у 1987 г., з’явіўся яшчэ адзін дакумент на сацыяльную тэматыку “Sollicitudo rei socialis” (“З клопатам аб сацыяльным пытанні”).

“Centessimus annus” была першай энцыклікай пасля-камуністычнага перыяду. Натхненнем да яе стала жаданне з’яўлення эканомікі, якая б служыла чалавеку, а не наадварот. Папа прапанаваў, перачытаць нанава “Rerum novarum”, звяртаючы ўвагу на тыя разважанні, дзякуючы якім і з апорай на Евангелле, сфарміраваліся прынцыпы, што атрымалі назву “сацыяльнае навучанне”. Сёння мы ўжо ясна бачым, што ад абвяшчэння Евангелля выпраменьваюцца “святло і сіла” карысныя для ўпарадкавання жыцця нашых грамадстваў. Ян Павел ІІ разумеў, што пасля падзення сацыялістычнай сістэмы, Касцёл і чалавецтва стаяць перад вялікімі выклікамі. Свет больш не падзелены на два варожых блокі, аднак “застаюцца фенамены маргіналізацыі і эксплуатацыі, асабліва ў краінах Трэццяга свету, і чалавечага адчужэння, асабліва ў найбольш развітых дзяржавах”. Цэлыя народы жывуць у стане страшэннай матэрыяльнай і маральнай беднасці. “Падзенне камуністычных сістэм у многіх краінах канешне знішчыла шматлікія перашкоды для вырашэння гэтых праблем, але гэтага не дастаткова. Сёння існуе рызыка распаўсюджвання радыкальнай капіталістычнай ідэалогіі”. У выказваннях Яна Паўла ІІ дваццацігадовай даўніны дастаткова вельмі актуальных і сёння думак: “У краінах Заходняга свету існуе беднасць, якая праяўляе сябе ў розных формах: маргіналізаваныя групы людзей, старыя і хворыя, шматлікія ахвяры спажывецтва, бежанцы і эмігранты; у развіваючыхся краінах, калі сваечасова не будуць прыняты меры скаардынаваныя ўсёй сусветнай супольнасцю, хутка выявяцца яшчэ больш драматычныя праявы крызіса”.

“Centessimus annus” не пакідае сумневаў наконт адкрытасці Касцёла на тое, каб выконваць сваю ролю ў будаўніцтве лепшай будучыні для чалавечай сям’і: “Тым хто сёння шукае новай і сапраўднай тэорыі, якая прывядзе да вызвалення, Касцёл прапаноўвае не толькі сваё сацыяльнае навучанне, але і канктрэтную дапамогу па барацьбе з маргіналізацыяй і пакутамі людзей”. І яшчэ: “Для Касцёла сацыяльнае пасланне Евангелля не павінна быць толькі тэорыяй, але перш за ўсё, фундаментам і матывацыяй да дзейнасці”.

Ян Павел ІІ завяршае сваю энцыкліку словамі: “Гэтай энцыклікай я хацеў заглянуць у мінулае, але яна таксама скіравана на будучыню, на канстатацыю таго, што праз сто гадоў пасля выдання “Rerum novarum” Касцёл знаходзіцца перад новымі рэчамі і новымі выклікамі”. Таму, “стогадовы юбілей павінен натхняць да дзейнасці ўсіх людзей добрай волі і асабліва вернікаў”.








All the contents on this site are copyrighted ©.