2011-04-29 13:18:36

Ян Павел ІІ – адзінаццаты благаслаўлёны Папа ў Каталіцкім Касцёле


RealAudioMP3 У гісторыі Каталіцкага Касцёла 79 Пантыфікаў былі абвешчаны святымі і 11 благаслаўлёнымі, уключаючы Яна Паўла ІІ, цырымонія беатыфікацыі якога адбудзецца 1 мая. Цікава, што ўсе 11 папаў былі абвешчаны благаслаўлёнымі на працягу апошніх 300 гадоў, у сваю чаргу, святымі за гэты перыяд былі абвешчаны толькі два Рымскіх Пантыфіка – Пій V і Пій Х.

У перыяд Пантыфікату Яна Паўла ІІ да ліку благаслаўлёных былі далучаны два Рымскіх Папы – Пій ХІ, папа перыяду Першага Ватыканскага Сабору і Ян ХХІІІ, Папа Другога Ватыканскага Сабору. Гэта падзея адбылася 3 верасня 2000 г.

У першыя стагодзі хрысціянства культ мучанікаў і вызнаўцаў веры рэгуляваўся мясцовымі Касцёламі. Абвясціць чалавека святым ці благаслаўлёным мог кожны дыяцэзіяльны біскуп, асабіста ці падчас сіноду. У ХІ стагодзі быў устаноўлены прынцып, згодна з якім абвяшчаць святых і благаслаўлёных мог толькі Рымскі Пантыфік, як кіраўнік Паўсюднага Касцёла. У 1234 г., падчас Пантыфікату Грыгорыя ІХ гэта правіла набыло статус закона.

З ХІV ст. Апостальская Сталіца дазволіла ўвядзенне культу некаторых Слугаў Божых для асобных тэрыторый. Слугамі Божымі абвяшчаліся асобы, працэс кананізацыі якіх яшчэ не пачаўся. У сярэднявеччы тэрмін Слуга Божы адпавядаў сучаснаму благаслаўлёнаму. Слугі Божыя абвяшчаліся святымі пачынаючы ад Пантыфікату Сікста ІV. Менавіта ў гэты час з’явілася адрозненне паміж тэрмінам святы і благаслаўлёны, якія на працягу сярэдневечча былі сінонімамі.

Працэдура кананізацыі была акрэслена ў адпаведным дакуменце папы Бэнэдыкта XIV выдадзеным у 30-я гады XVIIІ ст. Нарэшце, у 1983 г. былі ўстаноўлены ўсе сучасныя нормы, якія датычаць кананізацый і беатыфікацый. Апостальскай канстытуцыяй “Divinus perfectionis Magister” устаноўлена, што прапанова аб абвяшчэнні асобы святой павінна паходзіць ад дыяцэзіяльнага біскупа і быць перададзена для разгляду ў Кангрэгацыю па справах Кананізацыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.