2011-04-29 15:51:33

Асаблівасці літургіі беатыфікацыі Яна Паўла ІІ


RealAudioMP3 Ксёндз прэлат Гвідо Марыні, кіраўнік Службы папскіх літургічных цэлебрацый, распавёў аб асаблівасцях маючай адбыцца 1 мая літургіі, падчас якой будзе абвешчаны благаслаўлёным Слуга Божы Ян Павел ІІ.

“Падрыхтоўка да Эўхарыстыі пачнецца ў 9.00 раніцы, - сказаў кс. Марыні - У гэты час адбудзецца малітва Вяночка да Божай Міласэрнасці. Перад галоўным алтаром, на плошчы св. Пятра, перад пачаткам св. Імшы будзе знаходзіцца абраз Божай Міласэрнасці”.

Кіраўнік Службы папскіх літургічных цэлебрацый распавёў, што літургія будзе адбывацца згодна з парадкам кожнай беатыфікацыйнай св. Імшы. “Пасля ўступных абрадаў і чыну пакаяння кардынал Агосціно Валіні, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, зачытае кароткую біяграфію Яна Паўла ІІ. Затым папа Бэнэдыкт XVI прамовіць спецыяльную формулу беатыфікацыі. Пасля гэтага на алтары будуць устаноўлены рэліквіі благаслаўлёнага, а на цэнтральным балконе базылікі св. Пятра вывешаны вялікая выява Яна Паўла ІІ, копія фотаздымка, зробленага ў 1995 г. польскім фатографам Гжэгажам Галонзкай”.

Ксёндз-прэлат Марыні сказаў, што на заканчэнне Эўхарыстыі Святы Айцец і кардыналы, якія будуць канцэлебраваць св. Імшу, накіруюцца ў базыліку св. Пятра, каб ушанаваць цела благаслаўлёнага. Пасля іх гэта змогуць зрабіць прадстаўнікі розных краін і іерархі. Затым магчымасць памаліцца каля цела Яна Паўла ІІ будзе ва ўсіх прысутных вернікаў.

Папскі цэрымонімайстар адзначыў, што падчас літургіі Бэнэдыкт XVI будзе выкарыстоўваць келіх, які Ян Павел ІІ выкарыстоўваў падчас св. Імшы ў апошнія гады свайго Пантыфіката. Акрамя таго, Святы Айцец будзе апрануты ў арнат і мітру, якія часта выкарыстоўваў Слуга Божы.







All the contents on this site are copyrighted ©.