2011-04-28 14:36:54

Рым: актыўная падрыхтоўка да беатыфікацыі Яна Паўла II


RealAudioMP3 28 красавіка апошні дзень, калі можна ўвайсці ў ватыканскі грот, каб памаліцца ля магілы папы Яна Паўла II. На плошчы св. Пятра стварылася велізарная чэрга з вернікаў, якія жадаюць гэта зрабіць. Сама плошча пачынае ўсё больш нагадваць аб нядзельнай беатыфікацыі Слугі Божага.

Эксгумацыя цела Яна Паўла ІІ адбудзецца заўтра раніцай. Труна не будзе адкрытая, застанецца на спецыяльных насілках у ватыканскім гроце да 1 мая. У гэты час грот будзе недаступны для наведавання.

Чарга з вернікаў расцянулася да плошчы св. Марка, якая прылягае да плошчы св. Пятра. Большасць з іх, гэта асобныя пілігрымы, у асноўным сям'і з Італіі, Германіі і Францыі. Сярод груп пераважаюць пілігрымы з Паўднёвай Амерыкі. Акрамя таго, усё больш і больш прыбывае палякаў. Чаканне на ўваход у ватыканскі грот займае каля двух гадзін.

На выхадзе з плошчы св. Пятра на адным з крылаў каланады ўстаноўлены велізарны экран, на якім дэманструюцца ў храналагічным парадку фрагменты пілігрымак Яна Паўла II з архіваў Ватыканскага тэлебачання.

Яшчэ адзін элемент дэкарацыі плошчы звяртае на сябе ўвагу – велізарны партрэт будучага благаслаўлёнага, размешчаны на крылах некалькіх калон. На каланадзе размешчаны таксама велізарнага памеру плакат са словамі „Spalancate le porte a Cristo” (Адчыніце дзверы для Хрыста), які складаецца з літар, размешчаных на фоне выяваў твараў вернікаў, якія ўдзельнічалі ў аўдыенцыях падчас Пантыфікату Яна Паўла II.

На плошчы размешчаны аўтамабіль Ватыканскай пошты, у двух вокнах якога можна набыць маркі і паштоўкі, а затым укінуць у размешчаныя побач паштовыя скрыні. Гэта дазваляе зрабіць працэс больш зручным для пілігрымаў.

Павялічваецца таксама колькасць супрацоўнікаў паліцыі, якія дапамагаюць кіраваць рухам вакол плошчы св. Пятра. Працягваецца ўсталяванне спецыяльных платформ для сродкаў масавай інфармацыі На плошчы Пія XII. Многія тэлевізійныя каналы ўжо робяць прамые ўключэнні і рэпартажы. Па апошніх дадзеных цырымонію беатыфікацыі будуць асвятляць каля 2,2 тыс. журналістаў з усяго свету.







All the contents on this site are copyrighted ©.