2011-04-28 15:19:34

Каталіцкія законніцы моляцца за прынца Уільяма і Кейт


RealAudioMP3 Ангельскія законніцы з Дамініканскага ордэна моляцца за прынца Уільяма і Кейт Мідлтон, якія 29 красавіка заключаць сужэнства. Менавіта ў гэты дзень адзначаецца ўспамін св. Кацярыны Сіенскай, апякункі ордэна.

Па словах былога арцыбіскупа Вестмінстэрскага, кардынала Кормака Мэрфі О’Конара, гэта “цуд”, што шлюб прынца адбудзецца ў дзень літургічнага ўспаміну святой. Брытанскі каталіцкі іерарх нагадаў словы св. Кацярыны: “Будзь такім, якім жадае цябе Бог, і тады твой запал перадасца свету”.

Старшыня камісіі па справах сям’і і сужэнства брытанскага епіскапату, біскуп Джон Хайн запэўніў маладую пару ў духоўнай падтрымцы з боку брытанскіх католікаў. Калі будучыя сужонкі на сваім шляху да сужэнства падвяргаюцца вялікаму ціску з боку СМІ, трэба іх падтрымаць малітвай. “Мы молімся, каб яны заўсёды ставілі на першае месца ўзаемную любоў, а ўмацаваныя ёй сталі выдатнымі бацькамі”, - сказаў біскуп Джон Хайн.







All the contents on this site are copyrighted ©.