2011-04-28 15:03:52

Кардынал Ратцынгер пра Яна Паўла ІІ. Інтэрв’ю 2001 г.


RealAudioMP3 У 2001 г. кардынал Ёзэф Ратцынгер, у той час старшыня Кангрэгацыі Веравучэння, даў інтэрв’ю нашаму радыё, у якім распавёў аб сваіх уражаннях аб Пантыфікаце Яна Паўла ІІ, 20-годдзе якога адзначалася ў той час. Пэўныя думкі інтэрв’ю дзесяцігадовай даўнасці гучаць асабліва актуальна ў гэты момант.

“Я добра памятаю сустрэчы з Папам падчас вялікіх падарожжаў; - сказаў тады кардынал Ратцынгер. - затым вялікую драму тэалогіі вызвалення, калі мы разам шукалі правільны шлях выхаду з той сітуацыі”. Кардынала заўсёды ўражвала экуменічная дзейнасць Папы Вайтылы, пошук адкрытасці Каталіцкага Касцёла да іншых Цэркваў, і турбота пра тое, каб не страціць сваёй ідэнчычнасці.

“Але самым вялікім уражаннем, - сказаў у 2001 г. кардынал Ратцынгер , - былі рэгулярныя сустрэчы з Янам Паўлам ІІ, падчас якіх мы гаварылі ад шчырага сэрца і абмяркоўвалі наша служэнне Богу і дапамогу, якую сведчыць нам Пан тут на зямлі”. Ён падкрэсліў, што рашэнні, якія прымаў як старшыня Кангрэгацыі Веравучэння заўсёды абмяркоўваў з Папам, у якога было вялікае бачанне будучыні.

Падчас інтэрв’ю у 2001 г. кардынал Ратцынгер ахарактэрызаваў Яна Паўла ІІ як “вельмі добрага чалавека з адкрытым сэрцам, з якім можна паразмаўляць з радасцю і вялікім спакоем. Гэта асабістая дабрыня папы Яна Паўла ІІ мяне заўсёды пераконвае”. Ужо тады кардынал Ратцынгер падкрэсліваў, што “мы не можам забыцца вялікай асабістай культуры Яна Паўла ІІ, яго жадання мець добрыя адносіны з усімі і разумення існуючай сітуацыі”.







All the contents on this site are copyrighted ©.