2011-04-28 13:23:53

В'етнам: біскупы вітаюць першага з 1975 г. прадстаўніка Папы


RealAudioMP3 В'етнамскія біскупы, сабраныя на генеральнай асамблеі, якая адкрылася 25 красавіка ў Сайгоне, павіталі прадстаўніка Апостальскай Сталіцы ў гэтай краіне, арцыбіскупа Леапольда Джыэллі. Ватыканскі дыпламат стаў першым афіцыйным прадстаўніком Папы ў В'етнаме пасля камуністычнага перавароту ў паўднёвай частцы краіны ў 1975 г.

Тэмамі пасяджэння біскупскай канферэнцыі стануць: падрыхтоўка супольнага пастырскага паслання, удзел у Сусветных днях моладзі ў Мадрыдзе, а таксама развіццё марыйнага санктуарыя ў Ла Ванг.

Як паведаміла афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва краіны “VNA”, в'етнамскі ўрад вітае "апошнія дасягненні" у сваіх адносінах з Ватыканам. Віцэ-міністр замежных спраў Буй Тан Сон падчас сустрэчы з арцыбіскупам Джырэллі адзначыў стварэнне новага клімату.

У 1988 г. папа Ян Павел II кананізаваў 117 в'етнамскіх мучанікаў XVIII і XIX cтагоддзяў, чым выклікаў незадаволенасць тагачасных уладаў, якія заявілі, што кананізацыя "скажае гісторыю краіны".

Ад 10 да 15 працэнтаў насельніцтва краіны належаць да Каталіцкага Касцёла. В'етнам пасля Усходняга Тымора і Філіпін, трэці ва Усходняй Азіі па колькасці католікаў.

У 2002 г. камуністычныя ўлады В'етнама ўпершыню дазволілі ўсім каталіцкім біскупам краіны здзейсніць візіт “ad limina” у Рым. У 2009 г. Прэзідэнт краіны Нгуен Мінь Трыет быў прыняты папам Бэнэдыктам XVI. Вынікам сустрэчы стала магчымасць прызначэння спецыяльнага папскага пасланніка.







All the contents on this site are copyrighted ©.