Каталіцкія біскупы Беларусі аб чарнобыльскай трагедыі
Каталіцкія біскупы
Беларусі скіравалі адмысловы ліст, звязаны з 25-годдзем чарнобыльскай трагедыі. Іерархі
запрашаюць паглядзець на тое, што адбылося чвэрць стагоддзя таму з перспектывы часу
і не забывацца пра тых, хто прыйшоў з дапамогай жыхарам Беларусі ў 1986 г., а таксама
сведчыў і сведчыць сваю падтрымку на працягу гэтых 25 гадоў.
“Гэтая трагедыя,
што закранула значную частку Еўропы, а асабліва нашу краіну, - заўважаюць каталіцкія
іерархі - выклікала таксама крыху іншы выбух – выбух чалавечай дабрыні тых, хто не
быў абыякавы да людскога болю і цярпення. Урады многіх краін прапанавалі сваю дапамогу
дзеля памяншэння наступставаў выбуху. Сотні ўрадавых і пазаўрадавых арганізацый аказалі
дапамогу тым, хто нават не спадзяваўся на яе”.
У сваім лісце біскупы параўналі
ахвяр катастрофы да біблійнай Самаранкі, якая прасіла Хрыста аб вадзе жыцця. “Тады,
у 1986 г., было прынамсі 350 тысяч чалавек, якія былі вымушаны пакінуць свае дамы
і выехаць. Яны словамі ці жэстамі звярталіся да ўсяго свету “Дай мне піць”. Шмат тысяч,
а нават мільёнаў людзей ва ўсім свеце адказала на гэтую просьбу, бо бачылі ў гэтых
пакрыўджаных Езуса”.
Іерархі заклікаюць да гістарычнай памяці пра катастрофу,
яе наступствы і тых, хто прыйшоў і прыходзіць з дапамогай. “Нам, a менавіта новаму
пакаленню, нельга забывацца пра падзеі, што адбыліся дваццаць пяць гадоў таму; - падкрэсліваюць
біскупы - нельга забывацца пра тых людзей, якія тады адкрылі свае сэрцы, несучы маральную
і матэрыяльную дапамогу пацярпелым”.