2011-04-24 12:51:33

Бэнэдыкт XVI падчас Пасхальнай вігіліі: Уваскрасенне – інаўгурацыя новай формы жыцця


RealAudioMP3 23 красавіка ўвечары Бэнэдыкт XVI узначаліў літургію Пасхальнай вігіліі, якая традыцыйна прайшла ў базыліцы св. Пятра ў Рыме. У сваёй гаміліі Святы Айцец разважаў над значэннем узгадвання ў святочнай літургіі акту стварэння Сусвету.

Пантыфік заўважыў, што не ўзгадваць аб акце стварэння Сусвету азначае не разумець і паменшыць гісторыю адносінаў паміж Богам і чалавекам. “У Сімвале веры мы кажам “Веру у Бога, Айца Усемагутнага, Стварыцеля неба і зямлі”, - сказаў Папа і дадаў: “Касцёл не з’яўляецца адной з асацыяцый, якая займаецца задавальненнем рэлігійных патрэбаў людзей, але ён вядзе чалавека да кантакту з Богам, г.зн. пачаткам усяго, што існуе”. Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што менавіта таму мы глядзём на Бога як на Стварыцеля і таму маем адказнасць за кожнае стварэнне”.

Далей Святы Айцец, прыгадаў аб значэнні выразу з Евангелля св. Яна “на пачатку было Слова”. “Свет з’яўляецца плёнам “слова” – “Логаса”. - сказаў Папа - “Логас” азначае “розум”, “сэнс”. Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу, што аповед аб стварэнні кажа нам, што ўвесь свет з’яўляецца плёнам творчага розуму, любові і свабоды. “Таму і мы павінны заўсёды быць прыхільнікамі розуму, свабоды і любові – быць прыхільнікамі Бога, які любіць нас, які пакутаваў за нас, і дзякуючы чыёй смерці мы можам імкнуцца да новага, аздароўленага, поўнага жыцця”, - сказаў Папа.

У апошняй частцы гаміліі Бэнэдыкт XVI адзначыў, што ўстанаўленне святкавання Нядзелі, першага дня тыдня, замест суботы, сёмага, магло быць звязана толькі з тым, што ў гэты дзень адбылася вельмі важная падзея. “Свет змяніўся. - падкрэсліў Папа - Пачалося новае жыццё. Той, хто быў забіты, пачаў жыць новым жыццём, якому больш не пагражала смерць. Адбылася інаўгурацыя новай формы жыцця, новага вымярэння стварэння. Таму мы святкуем дзень Бога, Стварыцеля, а таксама Яго стварэння”.







All the contents on this site are copyrighted ©.