2011-04-24 13:28:17

Беларусь адзначае Вялікдзень


RealAudioMP3 Беларусы сустрэлі Вялікдзень. Сотні тысяч людзей накіраваліся ў храмы. Галоўнае свята хрысціянства – Уваскрасенне Хрыста ў гэтым годзе адзначаюць адначасова ўсе хрысціянскія канфесіі – праваслаўныя, католікі, пратэстанты. Святочныя набажэнствы прайшлі па ўсёй краіне ноччу і працягваюцца сёння днём.

Пасхальная Вігілія адбылася і ў галоўным каталіцкім храме краіны – архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Тут у велікодную ноч запалымнеў Пасхал і прагучаў велікодны гімн “Exultet”. Перамога святла веры над цемрай і жыцця над смерцю.

Святочныя набажэнствы праходзяць і сёння ўвесь дзень. Хрыстус уваскрос, сапраўды ўваскрос – гэтымі словамі людзі вітаюць адзін аднаго. Верачы, што як Хрыстус уваскрос пасля смерці, так і кожны ўваскрэсне да новага жыцця.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама павіншаваў хрысціян краіны з Вялікаднем. "Што сімвалізуе гэтае свята для ўсіх нас? Перш за ўсё высокую ісціну евангельскіх запаветаў, якія заклікаюць шанаваць каштоўны дар жыцця, захоўваць мір ва ўласнай душы, у коле блізкіх і сяброў, у сваёй краіне, любіць людзей, быць спачувальнымі і міласэрнымі", - гаворыцца ў віншаванні. На думку Прэзідэнта, менавіта гэтыя якасці, выхаваныя хрысціянскай верай, сталі неад'емнымі рысамі нацыянальнага характару беларусаў.

У гэтым годзе ўсе хрысціяне адзначаюць Вялікдзень адначасова. Святкаванне Уваскрасення Хрыста ў нядзелю не заканчваецца. Наперадзе – Актава Вялікадня.







All the contents on this site are copyrighted ©.