2011-04-23 13:37:44

Ватыкан асудзіў генацыд цыган у гады Другой Сусветнай вайны


RealAudioMP3 Нацысцкі генацыд цыган, іх пераслед на працягу гісторыі, а таксама паглыбленне працэсу інтэграцыі цыган у грамадства сталі цэнтральнымі тэмамі форуму, які прайшоў у італьянскім Гроттаферрата, у абацтве св. Ніла.

Апостальскую Сталіцу на сустрэчы прадстаўляў старшыня Папскай рады па справах мігрантаў і бежанцаў арцыбіскуп Антоніо Марыя Вэльё, які казаў аб неабходнасці змены менталітэту грамадстваў, якія прымаюць цыган, і пераадоленні апошнімі страху быць пазбаўленымі сваёй нацыянальнай тоеснасці.

Арцыбіскуп Вэльё нагадаў пра гвалт, якому падвергнуліся цыгане падчас Другой Сусветнай вайны: пра пераслед па расавых матывах, канцэнтрацыйных лагерах і фізічным знішчэнні тысяч людзей.

Кіраўнік Папскай рады распавёў аб дзеяннях, якія ажыццяўляюцца Каталіцкім Касцёлам для дапамогі ў інтэграцыі цыган, і згадаў першы афіцыйны ватыканскі дакумент, прысвечаны пытанням вывучэння жыцця цыган – “Кіраўніцтва па душпастырскім клопаце аб цыганах”, апублікаваны ў снежні 2005 г.

Арцыбіскуп заявіў, што неабходна развіць у грамадстве пачуццё павагі да нацыянальнай годнасці і тоеснасці цыган і захаванню іх правоў. Ён заклікаў дзяржавы развіваць праграмы, якія садзейнічаюць інтэграцыі цыганскага насельніцтва.

Па прыблізных ацэнках, на дадзены момант у Еўропе пражывае ад 7 да 9 млн. цыган.







All the contents on this site are copyrighted ©.