2011-04-23 13:34:13

Бэнэдыкт XVI у Калізеі: крыж кліча нас да аднаўлення веры ў сілу любові Хрыста


RealAudioMP3 У Вялікую пятніцу Бэнэдыкт XVI прыняў удзел у набажэнстве Крыжовага шляху ў рымскім Калізеі. Напрыканцы набажэнства Папа звярнуўся да сабраных вернікаў са словамі, у якіх заклікаў да больш уважлівага погляду на Укрыжаванага Хрыста і ўдзелу ў Божым жыцці.

Святы Айцец адзначыў, што Крыж Хрыста з'яўляецца знакам перамогі над смерцю, грахом, злом, і адначасова знакам любові Бога, які пахіліўся над чалавекам, прынізіў сябе, каб дакрануцца да кожнага, нават самага цёмнага кутка нашай душы. “Крыж кажа нам аб найвышэйшай любові Бога і кліча нас да аднаўлення нашай веры ў сілу гэтай любові, да веры ў тое, што ў любой сітуацыі Бог можа перамагчы смерць, зло і грэх і даць нам новае жыццё”, - сказаў Папа і дадаў, што “у смерці Хрыста, знаходзіцца крыніца новай надзеі”.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што ў ноч Вялікай пятніцы, “напоўненую маўчаннем і надзеяй, мы чуем заклік, які Бог звяртае да нас: каб мы мелі веру і прынялі тое дабро, якое Ён падрыхтаваў для нас, а таксама, каб мы адказалі на запрашэнне ўдзельнічаць у Яго жыцці – жыцці па-сапраўднаму шчаслівым”.

Святы Айцец прамовіў словы малітвы: “Пане, асвяці нашыя сэрцы, каб мы маглі наследаваць Цябе ў дарозе крыжа, учыні, каб памёр у нас стары чалавек, прывязаны да эгаізма, зла, граху і зрабі нас новымі людзьмі, святымі мужчынамі і жанчынамі, перамененымі і ажыўленымі праз Тваю любоў”.







All the contents on this site are copyrighted ©.