2011-04-22 15:48:23

Святы Айцец прыме ўдзел у Крыжовым шляху ў Калізеі


RealAudioMP3 22 красавіка ў 22.00 Бэнэдыкт XVI прыме ўдзел у набажэнстве Крыжовага шляху, якое па традыцыі праходзіць у Вялікую пятніцу ў рымскім Калізеі, месцы мучаніцкай смерці шматлікіх хрысціян.

Тэкст разважанняў у гэтым годзе падрыхтавала сястра аўгустыніянка Марыя Рыта Пічонэ, настаяцельніца рымскага кляштару “Чатырох каранаваных святых”. Разважанні і малітвы падчас кожнай стацыі былі напісаны на падставе тэкстаў св. Аўгустына. У іх увага засяроджана на такіх штодзённых праблемах чалавека, як: выбар паміж пошукам праўды і канфармізмам, пакорай і задавальненнем уласных жаданняў, даверам да Бога і верай ва ўласныя сілы.

Ва ўступнай малітве, Папа скажа, што “у той час як розныя сілы смяюцца над праўдай і чалавечым сумленнем; калі пазбаўленая каштоўнасцяў адукацыя раніць сэрцы слабых і маленькіх; у гэты час цемры, перад намі паўстае спакуса збегчы, мы адчуваем пачуццё трывогі”. “Аднак у гэты момант трэба ўзгадаць аб словах Хрыста да Апосталаў: ці хочаце збегчы і вы?” Мы не хочам, і не можам збегчы, таму што толькі Ты маеш словы вечнага жыцця і толькі Твой Крыж – гэта ключ, які адкрывае таямніцу і сапраўдны сэнс жыцця! Мы пойдзем за Табой туды, куды пойдзеш Ты!”, - скажа Святы Айцец у сваёй уступнай малітве.

Крыж падчас набажэнства будуць несці, перадаючы адно адному, кардынал Агосціно Валіні, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, некалькі сем’яў, свецкія вернікі, законніцы і законнікі з Італіі, Святой Зямлі і Егіпта.







All the contents on this site are copyrighted ©.