2011-04-20 15:31:22

Бэнэдыкт XVI прысвяціў агульную аўдыенцыю Пасхальнаму Трыдууму


RealAudioMP3 Сённяшняя катэхеза Бэнэдыкта XVI, якую ён прамовіў падчас традыцыйнай агульнай аўдыенцыі, была прысвечана Пасхальнаму Трыдууму. “Зараз мы амаль дасягнулі самага сэрца Святога Тыдня, кульмінацыі нашага пасхальнага падарожжа, трох святых дзён, падчаса якіх Касцёл узгадвае таямніцу цярпення, смерці і ўваскрасення Езуса. - сказаў Святы Айцец - Сын Божы, пасля таго, як з пакоры перад Айцом стаў чалавекам ва ўсім падобным да нас за выключэннем граху, упоўні прыняў Яго волю, каб з любові да нас удзельнічаць у пакутах на крыжы, а таксама, каб зрабіць нас удзельнікамі Уваскрасення. Ён зрабіў гэта для таго, каб мы заўсёды маглі жыць у Ім і для Яго, у згодзе і ў міры”.

Папа запрасіў прыняць гэту таямніцу Збаўлення і актыўна ўдзельнічаць у Пасхальным Трыдууме, вяршыні літургічнага года і моманце асаблівай ласкі для кожнага хрысціяніна. “Запрашаю вас прысвяціць больш часу разважанням і малітве, - сказаў Бэнэдыкт XVI - гэта дапаможа вам больш глыбока ўдзельнічаць у гэтай вялікай ласцы. У гэтай перспектыве, перад маючымі адбыцца святамі, кожны хрысціянін запрашаецца да ўдзелу ў Сакрамэнце Паяднання, моманце асаблівага далучэння да смерці і ўваскрасення Хрыста, каб больш плённа ўдзельнічаць у Святой Пасхе”.

“Святы Чацвер, - дадаў Папа - гэта дзень падчас якога ўзгадваецца ўстанаўленне Эўхарыстыі і святарства. Раніцай гэтага дня кожная дыяцэзіяльная супольнасць збіраецца ў катэдральным касцёле вакол свайго біскупа. Цэлебруецца св. Імша, падчас якой благаслаўляецца святая Хрызма – алей для намашчэння катэхуменаў і алей для намашчэння хворых. Напрацягу ўсяго літургічнага года, гэтыя алеі будуць выкарыстоўвацца падчас сакрамэнту хросту, канфірмацыі, святарскіх і біскупскіх пасвячэнняў, для намашчэння хворых. У гэтых сакрамэнтах бачна, як збаўленне, якое перадаецца пад выглядам сакрамэнтальных знакаў, паходзіць менавіта з Пасхальнай таямніцы Хрыста”. “Падчас св. Імшы Хрызма адбываецца аднаўленне святарскіх абяцанняў”, - дадаў Бэнэдыкт XVI і заклікаў да малітвы за святароў.

Працягваючы разважаць аб таямніцы Вялікага чацвярга, Папа нагадаў, што ў гэты дзень мы таксама ўзгадваем Апошнюю вячэру, падчас якой Езус устанавіў успамін аб Сваёй Пасхе, споўніўшы да канца Пасху яўрэйскую. “Падчас Апошняй вячэры, - сказаў Пантыфік - апосталы сталі слугамі гэтай таямніцы збаўлення; Езус абмыў ім ногі; заклікаў іх любіць адзін аднаго, так, як Ён іх палюбіў. Паўтараючы гэты жэст, мы таскама пакліканы сведчыць сваімі справамі аб любові нашага Адкупіцеля”, - сказаў Папа.

“Ведаючы аб сваёй маючай адбыцца смерці на крыжы Езус адчувае вялікую трывогу. У гэтай сітуацыі адбываецца вельмі важная для ўсяго Касцёла падзея: Езус кажа сваім вучням: застанцеся тут і чувайце. Гэты заклік да чування датычыць менавіта моманту трывогі, пагрозаў, моманту, калі прыходзіць здраднік. Гэты момант датычыць таксама ўсёй гісторыі Касцёла: гэта вечнае пасланне на ўсе часы, таму што заспанасць вучняў была праблемай не толькі таго моманту, гэта праблема ўсёй гісторыі. Пытанне заключаецца ў тым – што азначае гэта заспанасць і ў чым сэнс чування, да якога заклікае Хрыстус. Заспанасць вучняў на працягу ўсёй гісторыі – гэта здольнасць чалавечай душы не адчуваць моцы зла: мы не хочам шмат клапаціцца і задумывацца аб гэтых рэчах. Гэтая неадчувальнасць адносна Бога, гэта наша заспанасць адносна прысутнасці Бога, робіць нас неадчувальнымі адносна ўсяго зла свету. Так мы застаёмся пасярод нашага камфортнага шляху”.

Бэнэдыкт XVI заўважыў, што “начная адарацыя ў Вялікі Чацвер, павінна стаць для нас момантам разважання аб гэтай заспанасці вучняў, абаронцаў Хрыста, апосталаў, нас, якія не бачым, не хочам бачыць усёй моцы зла, і не хочам падзяліць з Ім Яго пакуты, дзеля дабра, дзеля прысутнасці Бога ў свеце, дзеля любові да бліжняга і да Бога”.

“Затым Езус пачынае маліцца. Тры яго апосталы – Пётр, Якуб і Ян, спяць, але зрэдку прасынаюцца бо чуюць малітву Пана: “Не Мая але Твая воля нахай станецца”. “У чым заключаецца мая воля, і воля Пана? Мая воля заключаецца ў тым, што я не павінен памерці, што келіх пакутаў павінен прайсці побач са мной; гэта воля чалавечай прыроды і Хрыстус яе адчувае, з усёй свядомасцю свайго быцця. Ён таксама адчувае што ўсе пакуты чалавецтва заключаны ў гэтым келіху, які Ён павінен выпіць. Ён павінен быў прыняць на сябе ўсё зло свету, усё зневажанне Бога, увесь грэх. Мы можам зразумець, як Езус усёй сваёй душой пакутаваў перад гэтай рэальнасцю, якую ён прыняў ва ўсёй яе жорсткасці”.

Падчас сваёй катэхезы Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на тое, што “Езус здолеў перамяніць сваю волю ў волю Айца”. “Чалавек заўсёды мае спакусу супрацьстаяць волі Бога, адчуваць сябе свабодным толькі тады калі дзейнічае аўтаномна; - сказаў Бэнэдыкт XVI - аўтаномна ў сэнсе не выканання волі Бога. На гэтым палягае вялікая драма чалавецтва. Прыняць Божую волю, азначае далучыцца да праўды і любові, да дабра. Езус, узняў нашу волю да гэтай вяршыні, да волі самаго Бога”.

Папа засяродзіў таксама сваю ўвагу на Вялікай пятніцы, калі Касцёл узгадвае пакуты і смерць Хрыста. “Мы будзем ушаноўваць Хрыста Укрыжаванага, -сказаў ён - будзем удзельнічаць у Яго пакутах са скрухай і постам. Гледзячы на таго, “хто быў прабіты”, мы зможам чэрпаць з яго разарванага сэрца кроў і віно, як з жыватворнай крыніцы; з гэтага сэрца выцячэ любоў Бога для кожнага з нас. - адзначыў Пантыфік - Мы будзем побач з Езусам, падчас Яго ўзыходу на Кальварыю, дазволім весці сябе аж да крыжа, прымем ахвяру Яго цела”.

“Нарэшце, у ноч Святой Суботы, - сказаў Бэнэдыкт XVI - адзначым Пасхальную Вігілію, падчас якой нам будзе абвешчана Уваскрасенне Хрыста, Яго канчатковая перамога над смерцю”. “Прымаючы удзел у гэтай святой Вігіліі, галоўнай ночы літургічнага года, узгадаем аб нашым Хросце, падчас якога мы былі пахаваны разам з Хрыстом, каб потым разам з Ім уваскрэснуць і ўдзельнічаць у нябесным святкаванні”, - сказаў Бэнэдыкт XVI на заканчэнне сваёй катэхезы падчас сённяшняй агульнай аўдыенцыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.