2011-04-20 11:23:50

Арцыбіскуп Кандрусевіч: уменне глядзець на гісторыю ў святле праўды ўваскрасення


RealAudioMP3 Мітрапалі Кандрусевіч у сваім сёлетнім пасхальным пасланні звяртаецца да тэмы важнасці ўваскрасення Хрыста для тоеснасці сучаснага хрысціяніна. Гэты факт з'яўляецца: “падмуркам нашай веры, (…) надзеяй нашага ўваскрашэння, (…) актам бязмежнай Божай міласэрнасці”, - падкрэслівае іерарх.

Паводле арцыбіскупа Кандрусеваіча, “для многіх хрысціян Хрыстус і Яго ўваскрасенне значаць не больш, чым леташні снег. У імкненні да абсалютнай свабоды, якая лічыць Божы закон абмежаваннем правоў чалавека, многія імкнуцца да свабоды ад Бога і Яго закону. Такім чынам - звяртае ўвагу Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі - яны застаюцца ў грабніцы сваіх грахоў, зняволення і дрэнных звычак, а таксама спажывальнікамі сваёй малой стабільнасці”.

Арцыбіскуп звяртае ўвагу на сведчанне, якое даюць хрысціяне сучаснаму свету аб Уваскрослым. “Езус, насуперак былым і сучасным пераследам хрысціянства, існуючым у некаторых, нават з развітай дэмакратыяй і традыцыямі, краінах свету, насуперак розным цяжкасцям і выклікам сучаснага лібералізму і нават адыходу ад веры, жыве ў сваім Касцёле”.

Паводле іерарха, мінулае і сучаснае чалавецтва можна зразумець толькі гледзячы праз прызму ўваскрасення. “Уменне глядзець на гісторыю ў святле праўды ўваскрасення - піша ён у сваім пасхальным пасланні - вельмі важна ў наш час, калі мары чалавека абмяжоўваюцца хвіліннымі клопатамі. Жывучы выключна праблемамі аднаго дня, мы забываем аб галоўным — аб збаўленні душы, Божым Провідзе, любові да Бога і бліжняга”.

Мітрапаліт з аптымізмам падкрэслівае, што “уваскрасенне Хрыста дае магчымасць узвысіцца над штодзённай мітуснёй і цяжкасцямі жыцця і ўбачыць бязмежнасць Божай любові, якая дзеля чалавека сышла аж да Крыжа і смерці. Таму - на думку іерарха - нам трэба ведаць і жыць праўдай, што сваім уваскрасеннем Хрыстус аднаўляе чалавечую прыроду і дае чалавеку неабходныя сілы ў служэнні Касцёлу, Бацькаўшчыне, грамадству, сям’і і бліжняму”.







All the contents on this site are copyrighted ©.