2011-04-19 12:54:40

Паўночная Карэя: 50 тысяч хрысціян у турмах


RealAudioMP3 Каля 50 тыс. хрысціян знаходзяцца ў турмах Паўночнай Карэі за свае рэлігійныя перакананні, перадае агенцтва “Fides”. Паводле дакладу спецыяльнага назіральніка ААН па правах чалавека ў Паўночнай Карэі Марзукі Друсман, прадстаўленаму нядаўна ў Савеце ААН па правах чалавека ў Жэневе, юрыдычная сістэма ў дзяржаве цалкам залежная ад рэжыму. Акрамя звычайных судоў існуе “паралельная юрыдычная сістэма”, якая цалкам не выконвае працэсуальныя правы абвінавачваных і мае на мэце ажыццяўленне кантролю над грамадзянамі.

“Паралельная юрыдычная сістэма складаецца з шэрагу мер і органаў, якія накіраваны на кантроль грамадзян. Гэта ў прыватнасці: “Закон аб кантролі за нацыянальнай бяспекай” і “Судовы камітэт паплечнікаў”, свайго роду народны суд, які дзейнічае на аснове ідэалагічных установак і кантралюе “сацыялістычную законнасць” працэсу і выносіць прысуды за эканамічныя і сацыяльныя злачынства. Таксама існуе “Камітэт бяспекі, які ажыццяўляе нагляд за выкананнем судовых прысудаў”.

Карэйцы ці замежныя грамадзяне, якія падвергліся падобнаму суду, адпраўляюцца ў турэмныя лагеры, дзе падвяргаюцца рэгулярным катаванням і жорсткаму абыходжанню. Палітычныя дысідэнты і члены іх сем'яў часта прысуджаюцца да пажыццёвага зняволення ў працоўных лагерах. Сярод іх нямала зняволеных, якія адбываюць тэрмін за рэлігійныя перакананні.

Свабода рэлігіі і сумлення ў Паўночнай Карэі цалкам адсутнічае, таксама як і права на сходы, перакананні і свабодныя выказванні, адзначае “Fides”. Паводле сведчанняў людзей, якія збеглі з краіны, улада працягвае інтэнсіўную антырэлігійную прапаганду і забараняе рэлігійную дзейнасць.

“Чучхе” з'яўляецца афіцыйнай ідэалогіяй і адзінай сістэмай думкі і перакананняў, якая дапускаецца ў Паўночнай Карэі. У КНДР “чучхе” падаецца ў якасці гарманічнай трансфармацыі ідэй марксізму-ленінізму на аснове старажытна-карэйскай філасофскай думкі. Упершыню гэты тэрмін прагучаў у прамове Кім Ір Сена ў 1955 г.

Нягледзячы на ​​складаную сітуацыю, па некаторых звестках, у Паўночнай Карэі сёння застаецца каля 400 тыс. чалавек (2% насельніцтва краіны), якія лічаць сябе хрысціянамі.







All the contents on this site are copyrighted ©.