2011-04-19 13:43:41

"Homo caritatis". Матэрыяльныя даброты


RealAudioMP3 Сёння мы пагаворым аб яшчэ адной тэме сацыяльнага навучання Касцёла, якая тычыцца кожнага чалавека – гэта эканамічнае жыццё. У Кампендыўме разглядаюцца многія аспекты гэтай сферы чалавечай дзейнасці: біблійнае разуменне адносінаў паміж багаццем і беднасцю, звяртаецца ўвага на неабходнасць захавання маральнасці ў эканоміцы, ролі прыватнай ініцыятывы і прадпрымальніцтва, а таксама гаворыцца аб значэнні эканамічных інстытутаў у служэнні чалавеку.

Адносіны паміж багаццем і беднасцю

Першым аспектам, аб якім мы пагаворым сёння з’яўляюцца адносіны паміж багаццем і беднасцю. Яшчэ ў Старым Запавеце адзначаецца, што валоданне матэрыяльнымі дабротамі з’яўляецца ласкай Божай. Беднасць, часта апісваецца як наступства ляноты, недахоп працавітасці, але таксама, як натуральная з’ява. З іншага боку, ў Бібліі няма асуджэння багацця самога па сабе – асуджаецца іх неадказнае выкарыстанне. Прарокі выказываюцца супраць падманаў, эксплуатацыі, пазыкі грошай пад працэнты, асабліва ў адносінах да самых бедных. Біблійныя тэксты асуджаюць прывязанасць да багаццяў, да матэрыяльных рэчаў.

Мы часта глядзём на грошы і багацці як на тое, што нам гарантуе пачуццё бяспекі ў гэтым жыцці. У прыродзе чалавека закладзена жаданне заўсёды шукаць гэтага пачуцця. Колькі людзей з вялікім страхам і трывогай вымаўляюць словы “адзінота”, “пакінутасць”. Страх перад гэтымі з’явамі сягае самай глыбіні чалавечай душы. У грамадстве склалася меркаванне, што ад гэтых пагрозаў нас могуць уратаваць грошы, модныя рэчы і іншыя матэрыяльныя даброты. У гэтым кантэксце, мне падаецца вартым звярнуць увагу на словы Езуса Хрыста: “Не можаце служыць Богу і мамоне”. Цікава, што яўрэйскае слова “мамона” мае адзін корань са словам “амэн” – якое перакладаецца як “канешне”, “згодны”, “сапраўды ў гэта веру”. Г.зн. Езус кажа сваім вучням аб веры: верыш ў Бога ці ў мамону? Гэта пытанне аб тым, што мне гарантуе пачуццё бяспекі і шчасця. Што з’яўляецца галоўнай патрэбай маёй душы?

Галоўнай патрэбай душы сучаснага чалавека, стала спажыванне матэрыяльных дабротаў: любым коштам, і бясконца. Спажываць каб пазбавіцца стрэсу, спажываць, каб выглядаць паспяхова. Напрыклад раней у нядзелю людзі задавальнялі патрэбу сваёй душы ў Касцёле, ці ў коле сяброў, цяпер яны робяць гэта ў гандлёвых цэнтрах. Вобраз чалавека, які забяспечвае сябе ўсімі аксесуарамі бачнага поспеху з’яўляецца ідэалам, таму што нам здаецца, гэта можа па-сапраўднаму гарантаваць бяспечнае жыццё, шмат сяброў навокал, людзей, якія да канца жыцця будуць нас любіць і будуць да нас прывязаны. А калі не атрымліваеш асалоды ад рэчаў, альбо не маеш магчымасці іх спажываць як усе, то выкарыстоўваеш больш моцныя сродкі, якія ствараюць уражанне свабоды, даюць магчымасць забыцца.

Набыць новае, старое выкінуць

Варта заўважаць яшчэ адзін аспект спажывецтва: мы амаль перасталі насіць рэчы ў рамонт. Калі нешта сапсавалася, мы набываем новае, а старое выкідваем. Такая ідэалогія спажывання ўплывае на ўсю нашу свядомасць: мы праецыруем такі падыход да рэчаў, на ўсе іншыя сферы жыцця. Адсюль наступствы: мы не здольныя ўстанаўліваць трывалыя адносіны з іншымі, палова шлюбаў распадаецца, мы забіваем дзяцей, якія з’яўляюцца ва ўлонні непажадана, з думкай аб тым, што потым завядзем сабе новых. Насуперак усім спадзяванням сучаснага чалавека, тое, за чым ён гоніцца, ніколі не прынясе чаканага выніку. Паглядзеўшы статыстыку, можна пабачыць, што большасць з самых няшчасных, самотных, хворых людзей гэта багатыя. Гэта людзі прывязаныя да сваіх “бажкоў”.

Калі эканоміка ўзводзіцца ў абсалют

Ян Павел ІІ у сваёй энцыкліцы “Centessimus annus” (“Соты год”) пісаў, што эканоміка “гэта толькі адзін з бакоў і адно з вымярэнняў дзейнасці чалавека. Калі эканоміка ўзводзіцца ў абсалют, калі вытворчасць і спажывецтва тавараў становяцца ў цэнтр сацыяльнага жыцця і пераўтвараюцца ў адзіную каштоўнасць грамадства, не падпарадкаваную ніякай іншай, то прычыны гэтага варта шукаць не толькі і не столькі ў эканамічнай сістэме. Іх варта шукаць ў тым, што ўся сацыяльна-культурная сістэма, адкінула маральнае і рэлігійнае вымярэнне, аслабела і зараз абмяжоўваецца вытворчасцю дабротаў і паслуг”.

Кампендыўм сацыяльнага навучання звяртае ўвагу на тое, “што жыццё чалавека і сацыяльнае жыццё калектыва нельга абмежаваць толькі матэрыялістычным вымярэннем, хоць матэрыяльныя даброты сапраўды вельмі неабходныя як для простага выжывання, так і для павышэння ўзроўню жыцця”.
Вера ў Хрыста дазваляе дакладна разумець наша сацыяльнае жыццё і арыентаваць яго на стварэнне прасторы любові і салідарнасці. Багацце служыць чалавеку толькі тады, калі яно прыносіць карысць іншым людзям і грамадству. “Як можна рабіць дабро бліжняму, калі ніхто нічым не валодае?”, - пытаецца Клімент Аляксандрыйскі. Багацце – гэта дабро, якое паходзіць ад Бога; хто ім валодае, павінен выкарыстоўваць яго, каб прыносіла карысць патрабуючым.

Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.