2011-04-18 12:54:04

Візіт прадстаўніка Апостальскай Сталіцы ў В’етнам


RealAudioMP3 Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы для кантактаў з В’етнамам, арцыбіскуп Леапольд Гірэллі, сёння пачаў свой двухтыднёвы візіт у гэту краіну. “Мэтай візіту з’яўляецца дапамога мясцоваму Касцёлу ў абвяшэнні Евангелля праз адукацыйную, дабрачынную, культурную і медыцынскую дзейнасць”, - распавёў в’етнамскі кардынал Жан-Баптыст Фам Мін Ман. Падчас свайго візіту арцыбіскуп Гірэллі сустрэнецца з біскупамі, святарамі і законнікамі з паўднёвай і паўночнай частак краіны, наведае тры вышэйшыя духоўныя семінарыі.

Праграма візіту прадстаўніка Святога Пасаду павінна быць зацверджана в’етнамскімі ўладамі. В’етнам ніколі не падтрымліваў поўных дыпламатычных адносінаў з Апостальскай Сталіцай. З 1925 г. у Ханоі дзейнічала Апостальская Дэлегатура, якая існавала для падтрымання сувязі з мясцовым Касцёлам, не маючы дыпламатычнага статуса. З пачатакам амерыкана-в’етнамскай вайны ў 1957 г., працаўнікі Дэлегатуры былі вымушаны пераехаць у Сайгон, а потым увогуле пакінулі краіну.

У мінулым годзе для кантактаў з Сацыялістычнай рэспублікай В’етнам, Апостальскай Сталіцай быў прызначаны арцыбіскуп Леапольд Гірэллі, які адначасова з’яўляецца папскім прадстаўніком у Сінгапуры, а таксама Апостальскім дэлегатам у Малайзіі і Брунэі.







All the contents on this site are copyrighted ©.