2011-04-15 13:57:48

Украінскі біскуп супраць турыстыкі ў чарнобыльскую зону адчужэння


RealAudioMP3 Кіраўнік украінскай дабрачыннай арганізацыі “Caritas” біскуп Станіслаў Шырокарадзюк падверг крытыцы адкрыццё зоны адчужэння Чарнобыльскай АЭС для турыстычнага наведвання. "Гэта проста спосаб зарабіць грошы, без наяўнасці пераасэнсавання гэтай катастрофы", - сказаў ён. Ён назваў больш сэнсоўным існаванне музею катастрофы, які ёсць у Кіеве. "Там людзі могуць даведацца аб тым, што адбылося. Але карыстацца цікаўнасцю людзей і запрашаць іх у месца з усё яшчэ высокім узроўнем радыяцыі, якім з’яўляецца Чарнобыль, гэта безадказны крок", - сказаў іерарх. 26 красавіка адзначаецца 25-годдзе ядзернай катастрофы ў Чарнобылі.

Біскуп звярнуў увагу на адсутнасць належнай увагі да 600 тыс. ліквідатараў, якія займаліся працамі каля рэактара і яго кансервацыяй. "Існуе пачуццё што выратавальнікаў забыліся", - сказаў іерарх.

Біскуп Шырокарадзюк упэўнены, што з ядзернай катастрофы ў Чарнобылі не былі зроблены належныя высновы. Многія пытанні яшчэ не вырашаны, так званая зона адчужэння радыўсам 30 кіламетраў вакол рэактара, далей знаходзіцца ў запусценні. У некаторых вёсках, якія знаходзяцца напрыклад у 50-кіламетровай зоне і пры гэтым з’яўляюцца забруджанымі, людзі жывуць дагэтуль. Ім часта "не застаецца іншага выбару, акрамя таго, як застацца". З-за высокага ўзроўню радыяцыі фактычна забаронена займацца сельскай гаспадаркай. "У выніку існуе беднасць", - сказаў біскуп Шырокарадзюк.

На думку іерарха сёння ўкраінцы былі б супраць будаўніцтва новых АЭС – "калі б у іх спыталіся". Атамная энергія "танная"; і пратэсты гэтага не зменяць. Як прычыну біскуп назваў сусветны энергетычны “голад”. "Інтарэсы дзяржаў і карпарацый маюць большую вагу, чым думка насельніцтва".







All the contents on this site are copyrighted ©.