2011-04-14 14:36:54

Мінск: Мітрапаліт Кандрусевіч правёў прэс-канферэнцыю


RealAudioMP3 14 красавіка ў Мінску адбылася традыцыйная перадвялікодная прэс-канферэнцыя з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам. Распачалася яна хвілінай маўчання ў памяць аб ахвярах тэракту ў мінскім метро. Арцыбіскуп паведаміў, што знаходзячыся за мяжой у Польшчы ён цэлебраваў св. Імшу ў інтэнцыі ахвяр трагедыі, і дадаў, што “Каталіцкі Касцёл у Беларусі моліцца за загінуўшых і пацярпелых у ёй”. Сёння у мінскай архікатэдры адбылася св. Імша ў інтэнцыі ахвяр, пасля якой Мітрапаліт са святарамі і вернікамі наведалі месца трагедыі і дзе прайшла адмысловая малітва”.

Падчас прэс-канферэнцыі іерарх распавеў аб падрыхтоўцы да велікодных святаў. У Мінску запланавана правядзенне інсцэніраваных набажэнстваў Крыжовага шляху, якія пройдуць на Кальварыйскіх могілках у пятніцу 15 красавіка, і каля касцёла на Залатой Горцы ў Вялікую сераду.

Асаблівую ўвагу арцыбіскуп надаў беатыфікацыі Слугі Божага Яна Паўла ІІ. У мінскай архікатэдры 1 мая ў 11.00 гадзін распчнецца тэлемост з Ватыканам, падчас якога вернікі Мінска змогуць назіраць за св. Імшой с Плошчы св. Пятра, якую ўзначаліць папа Бэнэдыкт XVI. Беларускае тэлебачанне таксама пакажа асноўныя моманты ўрачыстасцяў у запісы. 8-га мая ў мінскай архікатэдры адбудзецца св. Імша падзякі за беатыфікацыю, якую ўзначаліць сам Мітрапаліт.

“Таксама ёсць важная падзея для вас, журналістаў – гэта прыезд старшыні Папскай Рады па сродках массавай камунікацыі. Тэма выступлення арцыбіскупа Чэллі – “Этыка ў сучасных масс-медыя”, - анансаваў Мітрапалі Кандрусевіч. Арцыбіскуп Чэллі выступіць з лекцыяй для свецкіх і касцёльных журналістаў у зале мінскага касцёла св. Сымона і св. Алены 13 мая.

Арцыбіскуп Кандрусевіч нагадаў аб 20-годдзі заснавання структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Асноўныя ўрачыстасці з гэтай нагоды, па словах іерарха, адбудуцца 19 чэрвеня ў Чырвоным Касцёле Мінска.

Журналістаў цікавіў стан здароў’я кардынала Казіміра Свёнтка. “Ён заходзіцца ў цяжкім стане, - сказаў арцыбіскуп - але ў апошнія дні яму стала лепш. Сёння я таксама заклікаю да малітвы ў інтэнцыі кардынала. Для нас ён з’яўляецца сімвалам Касцёла ў Беларусі”.

На завяршэнне Мітрапаліт павіншаваў прысутных з надыходзячымі святамі Пасхі.


Уладзіслаў Валадзько, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.