Мітрапаліт Філарэт на станцыі “Кастрычніцкая”: сэрца смуткуе аб тым, што здарылася
Мітрапаліт Мінскі
і Слуцкі Філарэт правёў 13 красавіка малебен каля імправізаванай сцяны памяці, устаноўленай
ля ўваходу на станцыю метро “Кастрычніцкая”. Разам з ім за нявінна забітых маліліся
больш за сто чалавек, перадае БелаПАН.
Пасля набажэнства Мітрапаліт спусціўся
ў метро, непасрэдна на месца выбуху. Вярнуўшыся наверх, іерарх сказаў: “Што можна
казаць? Сэрца кажа і смуткуе аб тым, што здарылася. Разам з усёй Царквой мы просім
за спачын рабоў тваіх, Госпадзе. Імёны іх павінны быць запісаныя і не забытыя, вечная
ім памяць”. Па словах уладыкі Філарэта, “Царква будзе маліцца за ўсіх нямоглых і пацярпелых
у выніку трагедыі”. “Дай ім Бог перанесці ўсе свае хваробы”, - сказаў ён. Іерарх падкрэсліў,
што “для Бога каштоўны кожны чалавек”, і “трэба маліцца, каб Гасподзь даў нам правесці
жыццё ў пастаянным здзяйсненні добрых спраў у славу бліжняга”.