2011-04-13 14:44:47

Бэнэдыкт XVI атрымаў копію катэхізіса для моладзі


RealAudioMP3 На заканчэнне сённяшняй агульнай аўдыенцыі Святы Айцец атрымаў копію катэхізіса для моладзі “YouCat”, падрыхтаванага для Сусветных дзён моладзі ў Мадрыдзе. Папа таксама меў магчымасць убачыць яго электронную версію. У прэс-бюро Апостальскай Сталіцы сёння адбылася прэзентацыя “YouCat”, які будзе выдадзены на шасці афіцыйных мовах мадрыдскай сустрэчы. Першапачаткова катэхізіс быў напісаны на нямецкай мове. Гэтая праца праходзіла пад надзорам Венскага арцыбіскупа кардынала Крыстафа Шонборна, які прысутнічаў на сённяшняй аўдыенцыі з групай моладзі.

У сваім выступленні ў ватыканскім прэс-цэнтры старшыня Папскай рады па справах свецкіх, кардынал Станіслаў Рылка, які адказвае за арганізацыю сустрэчы ў Мадрыдзе, падкрэсліў важнасць “YouCat” для фарміравання веры маладога пакалення і яго вернасці хрысціянскай традыцыі. Іерарх адзначыў, што гэта не замена для катэхізіса, але дарога, вядучая да яго чытання і глыбокага разважання аб рацыянальных асновах веры, а таксама ідэальны інструмент для евангелізацыі новых пакаленняў.








All the contents on this site are copyrighted ©.