2011-04-12 11:11:04

Мітрапаліт Кандрусевіч станоўча асудзіў тэракт у мінскай падземцы


RealAudioMP3 У сувязі з выбухам у мінскім метро 11 красавіка ўвечары, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў са зваротам, у якім асудзіў гэты акт насілля. “Выбух (...) глыбокім болем адазваўся ў сэрцах як грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, так і сусветнай супольнасці. - напісаў Мітрапаліт - З хрысціянскага і агульначалавечага пункту гледжання кожны, у тым ліку і гэты, тэрарыстычны акт, які глыбока асуджаю, не дапусцімы і ні якім чынам не можа быць апраўданы. Насілле не вырашае праблем і не прыносіць шчасця”, - падкрэсліў іерарх.

Мітрапаліт Кандрусевіч заўважыў, што “у гэты час Вялікага Посту, калі хрысціяне ўсяго свету разважаюць над цярпеннямі і крыжовай смерцю Хрыста, мінская падземка стала новай Галгофай, дзе нявінныя ахвяры з’ядналіся з ахвярай Хрыста. Калі, як маланка з неба, на нас звалілася выкліканая не чалавечым актам тэрарызму бяда, і калі здаецца, што зямля правалілася пад нагамі, нашай надзеяй застаецца міласэрны Бог”.

Іерарх выказвае свае спачуванні сем’ям загінуўшых, параненым і ўсім пацярпелым, раздзяляючы іх боль і молячыся за ахвяры гэтай крывавай падзеі.

Арцыбіскуп звяртаецца з малітвай: “Божа, будзь міласэрны да нявінна загінуўшых, даруй ім іх правіны і прымі ў сваё вечнае Валадарства. Стань суцяшэннем і адрадзі надзею ў перажываючых страту сем’ях і блізкіх. Адары ласкай здароў’я параненых. Сцеражы нас ад падобных злачынстваў і дапамажы, каб у нашым грамадстве і ва ўсім свеце панавала ўзаемная любоў, бо толькі яна мае будучыню і толькі яна – творчая”.

Таксама каталіцкія біскупы Беларусі скіравалі сёння адмысловы зварот, у якім запэніваюць у малітве за загінуўшых і пацярпелых падчас выбуху, падзяляюць боль сем’яў ахвяр, выпрошваючы для іх суцяшэнне ў цярпенні. Іерархі звяртаюцца да святароў арганізаваць у парафіях усёй краіны малітвы і набажэнствы ў гэтых інтэнцыях.

Сёння Каталіцкі Касцёл у Беларусі моліцца за ахвяраў гэтай трагедыі. Біскуп Антоні Дзям’янка узначаліць св. Імшы ў 12.00 у касцёле св. Сымона і св. Алены ў 18.30 у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. За ахвяраў тэракта будуць маліцца ў шматлікіх іншых касцёлах Беларусі.







All the contents on this site are copyrighted ©.