2011-04-12 14:18:38

Мінск: паступаюць тэлефанаванні з просьбай аб малітве за пацярпелых


RealAudioMP3 Беларусы смуткуюць і моляцца аб ахвярах тэракту 11 красавіка. Сёння амаль ва ўсіх храмах праходзяць набажэнствы. Кіраўнікі Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла краіны выступілі са зваротамі ў сувязі з тэрарыстычным актам.

У каталіцкіх катэдрах Мінска, Пінска, Віцебска і Гродна прайшлі св. Імшы. Маліліся за загінуўшых, а таксама аб выздараўленне тых, хто атрымаў траўмы, за медыкаў, якія знаходзяцца на сваім пасту.

Сёння ў мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены ў 12.00 адбылася св. Імша ў інтэнцыі ахвяраў выбуху. Яе ўзначаліў біскуп Антоні Дзям’янка, які падкрэсліў што агрэсія і насілле – гэта не ад Бога. Таму ён заклікаў маліцца таксама за злачынцаў, якія пайшлі на гэты жудасны акт насілля. Дарога злачынства і насілля ніколі не вядзе да Бога і праўды. Іерарх заклікаў таксама да малітвы за тых, хто знаходзіцца зараз у бальніцах. Ён сказаў, што ўжо паступілі тэлефанаванні ад паріфіян-католікаў, блізкія і родныя якіх пацярпелі ў тэракце і знаходзяцца ў бальніцах. Сёння ўвечары ў архікатэдральным касцёле Мінска адбудзецца адмысловая св. Імша за пацярпелых у мінскай падземцы і іх сем’і. Мітрапаліт Кандрусевіч узначаліць Крыжовы шлях і св. Імшу ў інтэнцыі ахвяраў тэракту ў пятніцу 15 красавіка ў 18.00 гадзін на ў касцёле на Кальварыйскіх могілках Мінска.

У праваслаўным Свята-Духавым кафедральным саборы апоўдні Мітрапаліт Філарэт адслужыў малебен аб пацярпелых і паніхіду па загінуўшых. Людзі не застаюцца абыякавымі – запальваюць свечкі, прыносяць кветкі, падаюць памінальныя запіскі за знаёмых і незнаёмых, людскі паток у храмах Мінска не спыняецца ні на хвіліну.








All the contents on this site are copyrighted ©.