2011-04-11 11:42:56

Францыя: пачынае дзейнічаць закон аб забароне нашэння хіджабаў


RealAudioMP3 11 красавіка ў Францыі ўступіў у сілу закон, накіраваны супраць нашэння жанчынамі паранджы і хіджабаў у грамадскіх месцах. Штраф за яго парушэнне складае 150 еўра. Па рашэнні суда штраф можа быць заменены або дапоўнены курсам лекцый аб нормах грамадзянскіх паводзінаў.

Асобам, якія спрабуюць прымусіць жанчын насіць паранджу з дапамогай пагрозаў або запалохвання, закон пагражае турэмным зняволеннем да аднаго года і штрафам да 30 тысяч еўра. Памер пакарання павялічваецца ўдвая, калі тая, хто прымушаецца да нашэння паранджы з'яўляецца непаўналетняй. Забарона на нашэнне паранджы і хіджабаў тычыцца адміністрацыйных, гандлёвых, школьных і медыцынскіх устаноў, транспарту, паштовых аддзяленняў, пляжаў, грамадскіх паркаў, вуліц.

Закон быў прыняты 12 кастрычніка 2010 г. па ініцыятыве прэзідэнта краіны і суправаджаўся ў парламенце вельмі бурнымі дэбатамі, падчас якіх у тэкст законапраекта быў унесены цэлы шэраг паправак.

Па дадзеных МУС Францыі, у краіне налічваецца каля 2 тысяч жанчын, якія носяць паранджу або хіджаб. Прадстаўнікі левых партый неаднаразова падкрэслівалі ў гэтай сувязі, што прыняцце падобнага закона не абгрунтавана рэальнай сітуацыяй і толькі абвастрае адносіны паміж мусульманскай супольнасцю і дзяржавай. Прадстаўнікі мусульманскай абшчыны ўжо папярэдзілі, што ўступленне ў сілу закона непазбежна прывядзе да канфліктаў паміж паліцыяй і часткай насельніцтва.







All the contents on this site are copyrighted ©.