2011-04-10 15:07:04

“Захаваем вечныя каштоўнасці” - пікет у цэнтры Мінска


RealAudioMP3 9 красавіка на праспекце Пераможцаў у Мінску па ініцыятыве групы праваслаўных вернікаў адбыўся пікет пад дэвізам “Захаваем вечныя каштоўнасці”. Удзельнікі акцыі паставілі сваёй мэтай звярнуць увагу грамадскасці на з'явы сучаснага жыцця, якія пагражаюць развіццю асобы і чалавечай супольнасці, вядуць да іх дэградацыі. Гэта перш за ўсё: аборты, сужэнская нявернасць, так званыя грамадзянскія і аднаполыя саюзы, а таксама культ грошай. Арганізатары асабліва падкэслівалі “недапушчальнасць падмены паняццяў “бацька” і “маці” на “бацька нумар адзін” і “бацька нумар два”, што ўжо стала рэальнасцю ў некаторых краінах Еўропы. Удзельнікі пікету выказаліся за традыцыйную сям'ю, адказнае бацькоўства і мацярынства, за шматдзетныя сям'і, любоў і цноту.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі: члены Усебеларускага аб'яднання казацтва, прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, вернікі мінскіх праваслаўных прыходаў, а таксама людзі неабыякавыя да духоўна-маральнага стану і будучыні беларускага грамадства. Адзін з іх Сяргей Кірпіч, лічыць, што таксама не можна замоўчваць праблему штучнага апладнення. “Рэпрадуктыўныя тэхналогіі ніколі не прывядуць да дабра. Усё што створана Богам, усё тое, што мае натуральную прыроду – не павінна відазмяняцца, паколькі адмова натуральнага шляху рэчаў прыводзіць да падзення нораваў і дэградацыі грамадства” - заявіў ён.

На транспарантах, падрыхтаваных удзельнікамі, можна было прачытаць наступнае: "Жыві для Вечнасці, чалавек”, “Беларусь не Садом і Гамора”, “Грамадзянскія шлюбы – гэта безадказнасць, аборты – гэта грэх”, “Мы за Беларусь светлую і моцную”. “Мэта нашага жыцця – гэта пазбаўленне ад зла, якое існуе ўнутры нас шляхам працы над сабой, каб падымацца над сваімі спакусамі, каб ачышчацца”, - падкрэсліў Сяргей Кірпіч.

Акцыю па меркаванні ўдзельнікаў можна лічыць паспяховай, бо яна выклікала ўвагу з боку гараджан. Грамадства павінна адчуваць, што існуюць пэўныя нязменныя прынцыпы і ёсць людзі, якія іх адстойваюць. Па словах арганізатараў падобныя акцыі будуць працягнуты.

Уладзіслаў Валадзько, Мінск








All the contents on this site are copyrighted ©.