2011-04-10 15:02:05

Савет Еўропы запрашае цэрквы і рэлігіі да дыялогу


RealAudioMP3 Парламенцкая асамблея Савета Еўропы на сваім наступным пасяджэнні абмяркуе: "Рэлігійнае вымярэнне міжкультурнага дыялогу". На яго былі запрошаны высокапастаўленыя прадстаўнікі хрысціянскіх цэркваў, юдаізму і ісламу. Ад імя Каталіцкага Касцёла на форуме выступіць старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, кардынал Жан-Луі Таран.

Дэбаты па дыялогу паміж рэлігіямі і культурамі, якія пройдуць 12 красавіка, будуць адным з асноўных пунктаў пасяджэння, якое адбудзецца ў Страсбургу 11-15 красавіка. Разам з прадстаўніком Святога Пасаду у іх возьмуць удзел: глава Румынскай Праваслаўнай Царквы Патрыярх Данііл, прэлат Бернард Фельмберг з Рады евангельскіх цэркваў Германіі, галоўны рабін Расіі Берл Лазар і старшыня Упраўлення па справах рэлігіі Турцыі прафесар Мехмет Гёрмез.

Да пачатку сесіі Камітэт Савета Еўропы па культуры, навуцы і адукацыі прадставіў ўсёабдымны даклад, у якім прапанаваў развіццё партнёрства паміж Саветам, рэлігійнымі супольнасцямі і гуманітарнымі арганізацыямі, каб такім чынам умацаваць міжкультурны дыялог, а з цягам часу стварыць пастаянны форум для дыялогу.

Савет Еўропы з'яўляецца міжнароднай урадавай арганізацыяй, якая аб'ядноўвае амаль усе краіны Еўропы і шэраг краін з іншых рэгіёнаў свету, такіх як Арменія і Азербайджан. Яго асноўнай мэтай з'яўляецца "дасягненне большага адзінства паміж яго членамі для абароны і ажыццяўлення ідэалаў і прынцыпаў, якія з'яўляюцца іх агульным набыткам, і садзейнічанне іх эканамічнаму і сацыяльнаму прагрэсу" (арт.1 Статута Савета Еўропы). Дзейнасць арганізацыі сканцэнтравана галоўным чынам на прапагандаванні і абароне правоў чалавека, дэмакратыі і супрацоўніцтве дзяржаў-членаў у галіне культуры.








All the contents on this site are copyrighted ©.