2011-04-10 14:21:00

Бэнэдыкт XVI: асабістае ўваскрасенне – гэта навіна, якая ўрываецца і ламае ўсе бар'еры


RealAudioMP3 Хрысціянскай веры ва Уваскрасенне, на прыкладзе ўваскрашэння Лазара, прысвяціў Святы Айцец свае разважанні перад сённяшняй малітвай “Анёл Панскі”. Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на тое, што канцэпцыя асабістага ўваскрасення сутыкалася з цяжкасцямі таксама і ў часы Хрыста.

Дарагія браты і сёстры! - звярнуўся да сабраных Папа.

Усяго толькі два тыдні аддзяляюць нас ад Вялікадня, а ўсе біблейскія чытанні гэтай нядзелі кажуць пра ўваскрэсенне. Пакуль не пра ўваскрасенне Езуса, якое стане нечым абсалютна новым, але пра наша ўваскрашэнне, на якое прэтэндуем, і якое даў нам Хрыстус, уваскросшы з мёртвых. На самой справе, смерць для нас, як сцяна, якая робіць нас няздольнымі бачыць тое, што за ёй, але наша сэрца выглядвае за гэтую сцяну, і, хоць не можам ведаць, што яна хавае, аднак, думаем пра гэта, уяўляем сабе, выказваючы праз сімвалы наша імкненне да вечнасці.

Прарок Эзэхіэль абвяшчае яўрэйскаму народу ў выгнанні, далёка ад зямлі Ізраіля, што Бог адкрые магілы дэпартаваных і верне іх на родную зямлю, каб там адпачывалі ў супакоі (гл. Эзх 37,12-14). Гэта векавое жаданне чалавека быць пахаваным побач са сваімі продкамі з'яўляецца сумам па "радзіме", якая сустрэне яго ў канцы зямной працы. Гэтая канцэпцыя яшчэ не ўключае ідэю асабістага ўваскрэсення, якая з’явілася толькі ў канцы Старога Запавету, і нават у часы Езуса яшчэ не была прынята ўсімі яўрэямі. Больш таго, нават сярод хрысціян вера ва ўваскрасенне і вечнае жыццё часта суправаджаецца шматлікімі пытаннямі, блытанінай, бо мова тут ідзе аб рэальнасці, якая выходзіць за межы нашага розуму, і патрабуе акту веры.

У сённяшнім Евангеллі, якое апавядае гісторыю ўваскрашэння Лазара, мы чуем голас веры з вуснаў Марты, сястры Лазара. Езусу, які кажа ёй: "Уваскрэсне брат твой", яна адказвае: "Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрасення ў апошні дзень" (Ян 11, 23-24). Але Езус гаворыць: "Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць"(Ян 11, 25-26). Вось сапраўдная навіна, якая ўрываецца і ламае ўсе бар'еры! Хрыстус разбівае сцяну смерці, і ў Ім жыве ўся паўната Бога, якая з’яўляецца жыццём, жыццём вечным. Таму смерць не мела ўлады над Ім, а ўваскрашэнне Лазара з'яўляецца прыкметай Яго поўнага панавання над фізічнай смерцю, якая для Бога, з’яўляецца нечым на кшталт сна (пар. Ян 11,11).

Але ёсць і іншая смерць, якая каштавала Хрысту цяжкага бою, цаной якога стаў крыж. Гэта духоўная смерць, грэх, які пагражае знішчыць жыццё кожнага чалавека. Хрыстус памёр, каб пераадолець гэтую смерць, а Яго ўваскрасенне не з’яўляецца вяртаннем да ранейшага жыцця, але адкрыццём на новую рэальнасць, "новую зямлю", нарэшце аб'яднаную з Небам Бога.

Па гэтай прычыне св. Павел піша: "Калі ж Дух таго, хто ўваскрасіў з мёртвых Езуса, жыве ў вас, то той, хто ўваскрасіў Хрыста з мёртвых, ажывіць і вашыя смяротныя целы Духам сваім, які жыве ў вас" (Рым 8, 11). Дарагія браты, давайце звернемся да Дзевы Марыі, якая ўжо ўдзельнічае у гэтым Уваскрасенні, каб дапамагла сказаць нам з верай: "Так, Пане. Я веру, што Ты Месія, сын Божы" (Ян 11, 27), і сапраўды адкрыць, што Ён з'яўляецца нашым збаўленнем".







All the contents on this site are copyrighted ©.