2011-04-09 11:05:06

Кс. Ламбардзі: “безыменныя” пакуты бежанцаў


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыко Ламбардзі, дырэктар Ватыканскага радыё выказаў сваё меркаванне наконт трагедыі ў Сіцылійскім праліве, у выніку якой загінула каля 150 эмігрантаў з Паўночнай Афрыкі.

У сваёй штотыднёвай рубрыцы “Octava Dies” ён адзначыў, што “гэта трагедыя выклікае шмат глыбокіх эмоцый. У Міжземным моры ў апошнія месяцы зніклі сотні людзей. Тысячы чалавек зніклі на працягу апошніх гадоў”.

“Уцякаць ад голада, ад нечалавечай беднасці, ад рэпрэсій і гвалту, ад вайны. Рызыкаваць, думаючы аб тым, што можаш знікнуць пасярод хваль і ніхто нават не ўзгадае тваё імя. - сказаў кс. Ламбардзі аб бежанцах - Шмат разоў, у гэтыя дні, гаварылася аб “безыменных” пакутах. Спачуванне абавязвае нас не забывацца, памятаць, як і перад абліччам іншых жудасных трагедый, якія перажыло чалавецтва, якія перажыла наша гісторыя. Не забывацца аб ахвярах у знак салідарнасці з беднымі гэтай зямлі”, - заклікаў дырэктар Ватыканскага радыё.

Кс. Ламбардзі звярнуў увагу на наш абавязак памятауь аб гісторыі. “Гэта вельмі добра зразумеў яўрэйскі народ, - сказаў ён - калі будаваў мемарыял “Яд Вашэм” – “мемарыял імёнаў”. “Сёння ўзгадваецца разважанне Бэнэдыкта XVI аб шматлікіх нявінных і невядомых ахвярах. “Яны губляюць жыццё, але ніколі не згубяць свае імёны: яны надзейна запісаны ў сэрцах блізкіх ім людзей, тых, хто выжыў і тых хто вырашыў, што больш ніколі падобныя здарэнні не павінны зганьбіць чалавецтва. Іх імёны, асабліва і ў першую чаргу, запісаны ў сэрцы Усемагутнага Бога”, - падкрэсліў кс. Фэдэрыко Ламбардзі.

Дырэктар Ватыканскага радыё выказаў спадзяванне, што пакуты бежанцаў ніколі не будуць забыты. “Кожны чалавек добрай волі можа знішчыць у сэрцы ўсё тое, што прыводзіць да трагедыі падобнай да гэтай! Знішыць абсурдную нянавісць, якая прывяла да Халакосту, але таксама сёння, знішчыць несправядлівасць, абыякавасць, эгаізм, якія прыводзяць да таго, што многія людзі знікаюць у моры шукаючы больш чалавечнага жыцця. Бог памятае аб іх, і мы таксама памятаем!” - адзначыў кс. Ламбардзі.







All the contents on this site are copyrighted ©.