2011-04-09 11:34:09

Базыліка св. Пятра: цела папы Інакенція XI перанесена з капліцы св. Себасцьяна


RealAudioMP3 Кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі паведаміў сёння, што 8 красавіка ў 19.00 гадзін у базыліцы св. Пятра, пасля яе закрыцця, адбылося перанясенне цела благаслаўлёнага папы Інакенція XI з прасторы пад алтаром капліцы св. Себасцьяна ў спецыяльна падрыхтаванае месца пад алтаром Перамянення ватыканскай базылікі, які знаходзіцца ў канцы левага нефа, у задняй частцы пілястра св. Андрэя.

Цырымонію ўзначаліў кардынал Анджэла Камастры ў суправаджэнні біскупа Віторыё Ланцані і арцыбіскупа Джузэпэ Дэ Андрэа, а таксама іншых членаў Капітулы св. Пятра. Урна з парэшткамі папы Інакенція XI была вынята з алтара св. Себасцьяна і ў працэсіі са спевам Літаніі да ўсіх святых перанесена ў алтар Перамянення Пана, дзе была змешчана ў новае месца, спецыяльна забяспечанае кратамі, паведаміў кс. Ламбардзі.

Цырымонія завяршылася малітвай і благаслаўленнем, якое ўдзяліў кардынал Камастры. Быў прачытаны і падпісаны адмысловы Акт аб перанясенні цела Папы.

У капліцы св. Себасцьяна, дзе нядаўна былі завершаны рэстаўрацыйныя працы і была адноўлена сістэмы асвятлення і гуку, у прасторы пад алтаром будзе змешчана цела Яна Паўла ІІ пасля беатыфікацыі Слугі Божага.








All the contents on this site are copyrighted ©.