2011-04-06 14:25:48

Бэнэдыкт XVI прысвяціў агульную аўдыенцыю св. Тэрэзе з Лізьё


RealAudioMP3 Сённяшняя катэхеза, якую Бэнэдыкт XVI прамовіў падчас традыцыйнай агульнай аўдыенцыі была прысвечана св. Тэрэзе Франсуа Марыі Марцін, больш вядомай як св. Тэрэза з Лізьё ці св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус.

Пантыфік заўважыў, што св. Тэрэза пражыла толькі 24 гады. Яе жыццё было вельмі сціплым і простым, але пасля смерці і публікацыі твораў, яна стала адной з самых знакамітых і любімых святых. “Маленькая Тэрэза” ніколі не адмаўляла ў дапамозе душам самым маленькім, простым, бедным і пакутуючым, якія часта прасілі яе аб дапамозе. Адначасова яна асвяціла ўвесь Касцёл сваім глыбокім духоўным вучэннем. У 1997 г. Слуга Божы Ян Павел ІІ абвясціў св. Тэрэзу з Лізьё Доктарам Касцёла. Гэты тытул далучыўся да тытулу Апякункі місіянераў, якім яна была ўшанавана падчас сваёй кананізацыі папам Піям ХІ у 1939 г. Мой узлюблены папярэднік называў св. Тэрэзу “экспертам у навуцы любові”. Гэту навуку, у якой з любоўю прадстаўлена ўся праўда веры, Тэрэза выразіла ў апавяданні аб сваім жыцці, якое было апублікавана праз год пасля яе смерці пад назвай “Гісторыя адной душы”. Гэта кніга, якая набыла вялікі поспех, была перакладзена на многія мовы і распаўсюджана па ўсім свеце. Я б хацеў запрасіць вас адкрыць для сябе гэты маленькі-вялікі скарб, гэты цудоўна каментар да Евангелля перажытага ўпоўні”

Папа адзначыў, што кніга “Гісторыя адной душы”, напісана з такой прастатой, праўдзівасцю і свежасцю, што чытач не можа застацца абыякавым. “Любоў, якая запоўніла ўсё жыццё св. Тэрэзы, з дзяцінства да самай смерці, мае сваё Аблічча, мае сваё Імя, якім з’яўляецца Езус!”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

Далей Пантыфік распавёў аб асноўных этапах жыцця святой. “Тэрэза нарадзілася 2 студзеня 1873 г. на поўначы Францыі. Яна была апошняй дачкой Луіджы і Зэліі Марцін, цудоўных бацькоў, якія былі беатыфікаваны разам у 2008 г. Яны мелі дзевяць дзяцей, з якіх чатыры памерлі ў маладым узросце. Аднак, усе тыя пяць, якія засталіся, прысвяцілі сябе манаскаму жыццю. Пасля смерці маці яе бацька з дачкамі пераехаў у Лізьё, дзе прайшло ўсё жыццё святой ”, - адзначыў Папа.

“У 1887 г. разам з бацькам і сястрой Тэрэза здзейсніла пілігрымку ў Рым. Падчас гэтай пілігрымкі, яна мела магчымасць прысутнічаць на аўдыенцыі ў папы Льва ХІІІ, у якога прасіла дазволу на ўступленне ў кармелітанскі кляштар. На той час Тэрэза яшчэ не дасягнула паўналецця”, - распавёў Бэнэдыкт XVI.
Папа адзначыў, што “праз год пасля ўступлення у кляштар, у бацькі св. Тэрэзы пачала развівацца цяжкая хвароба”. “Менавіта ў гэты час вялікіх пакутаў Тэрэза засяроджваецца на разважаннях аб Абліччы Езуса ў час пакутаў. Адсюль паходзіць і манаскае імя, якое будучая святая выбрала для сябе – сястра Тэрэза ад Дзіцятка Езуса і Святога Аблічча. У гэтым імені заключаецца і праграма ўсяго яе жыцця – у адзінстве з галоўнымі таямніцамі Уцелаўлення і Адкуплення” – падкрэсліў Святы Айцец.

Пантыфік распавёў, аб тым, што праз дзесяць год пасля вечных шлюбаў св. Тэрэза вельмі цяжка захварэла: “Падчас хваробы яна цярпела вялікія пакуты цела, але перш за ўсё вялікія пакуты душы, якая перажывала балючае выпрабаванне веры”, - сказаўПапа. Ён дадаў, што святая перажывала гэтыя выпрабаванні ахвяруючы ўсе свае цярпенні ў інтэнцыі няверуючых людзей, якіх яна называла “братамі”. Св. Тэрэза памерла вечарам 30 верасня 1897 г. Яе апошнімі словамі былі “Бог мой, люблю цябе”. “Гэтыя апошнія словы святой з’яўляюцца ключавымі ва ўсім яе навучанні, ва ўсёй яе інтэрпрытацыі Евангелля”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.

“Дарагія сябры, таксама і мы разам са св. Тэрэзай з Лізьё павінны казаць штодзённа Пану, што хочам жыць у любові з Ім і з іншымі, вучыцца ў школе святых, любіць па-сапраўднаму і ўпоўні. Тэрэза з’яўляецца адным з евангельскіх “малых” якія даверылі сябе Богу ва усёй паўнаце Яго таямніцы. Яна з’яўляецца гідам для нас, асабліва для тых, хто сярод Божага народа, ажыццяўляе тэалагічнае служэнне. Са сціпласцю і любоўю, з верай і надзеяй Тэрэза бесперапынна ўваходзіла ў сэрца Святога Пісання, вяршыняй якога з’яўляецца Таямніца Хрыста. І такое чытанне Бібліі, дапоўненае навукай любові, не супрацьстаіць акадэмічнай навуцы. Навука святых, аб якой Тэрэза распавядае на апошніх старонках “Гісторыі адной душы”, з’яўляецца найвышэйшай навукай. “Усе святыя разумелі, некаторыя з іх па-свойму, што ахапіць сусвет магчыма толькі праз евангельскае навучанне. Св. Павел, Аугустын, Ян ад Крыжа, Тамаш з Аквіну, Францішак, Дамінік і іншыя выдатныя сябры Бога звярталіся да гэтай Боскай навукі, якая асвятляла найвялікшых геніяў. Акрамя таго, неадлучная ад Евангелля Эўхарыстыя з’яўлялася для св. Тэрэзы Сакрамэнтам Божай любові, якая прыніжаецца для таго, каб узняць нас да яе самой”.

Пантыфік адзначыў, што “давер і любоў з’яўляюцца фінальнымі кропкамі апавядання аб яе жыцці, двума словамі, які асвятлялі ўвесь яе шлях да святасці, каб весці таксама іншых “маленькім шляхам даверу і любові”, “духоўнага дзяцінства”. “Давер, такі як ў дзіцяці, якое давяраецца ў рукі Бога, неадлучна ад радыкальнага жадання любові, якая з’яўляецца дарам сябе самаго, назаўсёды. Так Тэрэза паказвае ўсім нам, што хрысціянскае жыццё заключаецца ў жыцці поўняй ласкі Хросту і дару сябе самаго Любові Айца, для таго, каб жыць як Хрыстус, у полыме св. Духа, Ягонай любові да ўсіх іншых” - падкрэсліў Бэнэдыкт XVI на заканчэнне катэхезы.

Пасля прывітання прысутных на аўдыенцыі пілігрымаў, Святы Айцец
звярнуўся з заклікам да народаў Кот д’Івуара і Лівіі. Пантыфік выказаў надзею на тое, што кардынал Тарксан, якога Папа накіраваў з міратворчай місіяй у Кот д’Івуар зможа нарэшце прыбыць у гэтую краіну. “Я малюся за ахвяраў канфліктаў і іх блізкіх. Гвалт і нянавісць гэта заўсёды параза! Таму заклікаю вас да прымірэння і дыялога, каб спыніць бессэнсоўнае кровапраліцце”, - сказаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.