2011-04-06 10:42:39

Беларусь: Агульнабеларуская малітоўная сустрэча моладзі


RealAudioMP3 5 красавіка ў Івянцы каля Мінска прайшло спатканне арганізацыйнай групы па падрыхтоўцы Другой Агульнабеларускай малітоўнай сустрэчы моладзі. Узначаліў сустрэчу Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Вынікам яе працы стала зацвярджэнне канчатковай праграмы форума. Ён пройдзе з 5 па 7 жніўня ў Івянцы пад дэвізам “Укаранёныя і збудаваныя на Хрысце. Моцныя ў веры”. У праграме тэматычныя канферэнцыі і круглыя сталы на тэмы, вынікаючыя з дэвізу сустрэчы: “Дабрачыннасць і валантарыят”, “Хрысціянская сям’я”, “Псіхалогія маладога чалавека”, “Вера і мастацтва” і іншыя. Вельмі насычанай абяцае быць музычная частка спаткання. “З Польшчы прыедуць кіраўнікі музычнай майстэрні, якая праводзіцца адначасова з днямі моладзі. Спевы вельмі упрыгожваюць літургію, кожнае набажэнства. Такая форма праслаўлення вельмі падабаецца моладзі. У гэтым годзе “Майстэрня” падрыхтуе мюзікл” - адзначае кс. Віталій Драздоўскі, адказны за душпастырства моладзі ў архідыяцэзіі. Запланаваны таксама канцэрты гуртоў беларускіх духоўных семінарый.

Завершыць форум пасадка сімвалічнага дрэва. “Гэта будзе спаўненнем дэвізу сустрэчы. Першае слова “укаранёныя” у пэўным сэнсе адносіцца да нашай веры, духоўнасці, якія павінны мець моцныя карані. Іх на першы погляд не бачна, так жа, як не бачна каранёў дрэва. Але без іх дрэва не можа існаваць. Таксама і ў духоўным жыцці – каранёў не бачна, але калі яны ў Хрысце, вера і духоўнасць развіваюцца. Калі каранёў няма, ці калі Хрыстус не пітае іх – да маладога чалавека прыходзяць сумневы, духоўнасць церпіць заняпад” - падкрэслівае кс. Віталій.

На спатканні чакаецца каля двух тысяч маладых людзей, размяшчэнне якіх будзе арганізвана ў намётавым мястэчку. За арганізацыю прыбыцця груп будуць адказныя мясцовыя пробашчы.

Форум, па словах арганізатараў, будзе не толькі падрыхтоўкай для тых, хто паедзе на Сустветныя дні моладзі ў Мадрыд, але таксама і самастойнай сустрэчай, якая дазволіць маладым людзям духоўна наблізіцца да аднагодак, прымаючых удзел у мадрыдскім сустветным моладзевым форуме.

Уладзіслаў Валадзько, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.