2011-04-05 13:16:48

Пра хрысціянскае выхаванне. “ІІ Ватыканскі Сабор – компас ІІІ тысячагоддзя”


RealAudioMP3 Выхаваўчая дзейнасць Каталіцкага Касцёла на працягу стагодззяў з’яўляецца шырокай і разнастайнай, - падкрэслівае эксперт нашага радыё па ІІ Ватыканскім Саборы кс. Дарыюш Кавальчык. Сабор вызначыў некалькі асноўных прынцыпаў, якія адносяцца да выхвання. Дэкларацыя пра хрысціянскае выхаванне “Gravissimum educations” гаворыць аб тым, што “паколькі ўсе людзі, незалежна ад іх паходжання, стану ці ўзросту маюць годнасць чалавечай асобы, у іх ёсць неад’емнае права на выхаванне” (1).

Першымі і галоўнымі выхавацелямі з’яўляюцца бацькі. Сям’я – гэта першая школа. Выхаваўчую ролю бацькоў падтрымлівае і абараняе ўсё грамадства. Бацькі-католікі з’яўляюцца першымі, хто ўводзіць дзяцей у Касцёл і выхоўвае ў каталіцкай веры. Можам сказаць, што стан Касцёла залежыць насамрэч ад стану каталіцкіх сем’яў, - адзначае кс. Кавальчык.

Другі Ватыканскі Сабор выразна гаворыць: “усе хрысціяне (...) маюць права на хрысціянскае выхаванне” (2). Дзяржаўныя субсідыі ў сферы выхавання павінны быць так размеркаваны, “каб бацькі маглі сапраўды свабодна выбраць школу для сваіх дзяцей згодна са сваім сумленнем” (6) Выдзяленне грамадскіх сродкаў для каталіцкіх школ не выдзяляе Касцёла спасярод іншых, але прызнае права сем’яў выбіраць тую школу для сваіх дзяцей, якую жадаюць.

Касцёл прапануе сваю выхаваўчую паслугу не толькі католікам, але і некатолікам. І робіць гэта без празелітызму. Другі Ватыканскі Сабор заяўляе: “Касцёл таксама вельмі шануе і тыя каталіцкія школы, якія, асабліва на тэрыторыях маладых Касцёлаў, наведваюць таксама вучні-некатолікі” (9).

Трэба адзначыць, што сінадальныя айцы настойліва заклікалі маладых людзей, каб яны, “усведамляючы важнасць справы выхавання, выяўлялі велікадушную гатоўнасць далучыцца да яе, асабліва ў тых краінах, дзе з-за недахопу настаўнікаў выхаванне моладзі знаходзіцца пад пагрозай” (Заключэнне).







All the contents on this site are copyrighted ©.