2011-04-05 14:43:43

Малайзія: урад прапануе кампраміс з хрысціянамі


RealAudioMP3 Як паведамляе сённяшнее выданне “L’Osservatore Romano” урад Малайзіі заявіў аб намеры распаўсюджваць Біблію на малайскай мове. Прапанова была зроблена за некалькі дзён да выбараў у штаце Саравак, на востраве Борнэо. Рэгіянальныя выбары лічацца тэстам для ацэнкі падтрымкі ўрада ў краіне ў цэлым. Большасць на востраве складаюць мусульмане. Але хрысціянаў тут больш за 40%. Яны неаднаразова выказвалі незадаволенасць па прычыне нядаўняй канфіскацыі ўрадам дзесяткаў тысяч Біблій на малайскай мове з-за парушэння забароны на выкарыстанне слова “Алах” у немусульманскіх тэкстах. У канфіскаваных Бібліях яно ўжывалася для азначэння слова “Бог”, што цалкам згодна са спецыфікай малайскай мовы.

Паводле прэм’ер-міністра Ідрыса Ялы, цяпер Біблія будзе надрукавана на ўсіх мовах краіны, у тым ліку і на малайскай. Хрысціяне, якія да гэтага часу былі вымушаны прывозіць Бібліі на малайскай мове з Інданезіі, задаволены такім рашэннем. Палітык паабяцаў, што не будзе ніякіх абмежаванняў у выкарыстанні Бібліі на гэтай мове. Ён сказаў, што для таго, каб пазбегнуць непаразуменняў, усе кнігі павінны мець надпіс “хрысціянская публікацыя” і крыж на вокладцы.

Федэрацыя хрысіян Малайзіі заявіла, што рэлігійныя лідэры краіны збяруцца разам 10 красавіка, каб абмеркаваць прапанову ўладаў і прыняць канчатковае рашэнне.







All the contents on this site are copyrighted ©.