2011-04-04 16:24:01

"У пошуку хрысціянскай ідэнтычнасці". Роля адносінаў у нашым жыцці


RealAudioMP3 Шаноўныя слухачы, у нашых папярэдніх разважаннях над фарміраваннем здаровай каталіцкай ідэнтычнасцю, мы звярнулі ўвагу на сферу спакушэнняў. Гісторыя маральных падзенняў і паўстанняў адкрывае перад кожным вернікам праўду пра яго самога. Момант спакушэнння паказвае праўду пра дзеянне злога духа. А працэс духоўнага аздараўлення, вызвалення ад граху і перамогі над спакусамі раскрывае багацце і перспектывы адносінаў з Богам.

Вучоныя кажуць, што велізарнае значэнне ў нашым жыцці адыгрываюць адносіны, кантакты. Мы ў многім такія, якія нашы адносіны. Можна заўважыць, што пераакцэнтаванне кантакту са сваім унутраным светам і адначасова зусім слабая сувязь са знешнім - можа быць крыніцай уцёкаў ад рэальнасці, заблакаванасці асобы. Існуе і іншая крайнасць, калі асоба надае вялікае значэнне адносінам з іншымі людзьмі, а пры гэтым не мае кантакту са сваім унутраным светам, уцякае ад сябе. Можна імкнуцца будаваць адносіны з Богам, але пры гэтым не пускаць Яго ў сваё жыццё, не жадаць разам з ім зазірнуць у свет сваёй душы. Багацце адносінаў з другой асобай дазваляе чэрпаць са скрабніцы яе перажываняў і досведу. Наколькі ж багатае гэтае чэрпанне ва ўмовах інтэнсіўнага кантакту з Богам!

Нажаль, жыццё чалавека – гэта не толькі багацце адносінаў з Богам. Нямала ў нашым жыцці і дэструктыўных кантактаў. Адкрыццё чалавека на сувязь са злым духам або негатыўны ўплыў дрэнных людзей, можа прывесці да хуткай дэградацыі. Здаецца, падсвядомае разуменне магчымай небяспекі нараджае ў некаторых асобах натуральны страх перад пагрозай невядомага кантакту, становіцца прычынай замкнёнасці, якая блакуе не толькі негатыўныя, але і пазітыўныя сувязі.

Старажытныя Айцы Касцёла звярталі ўвагу на два віды перашкодаў у адносінах паміж чалавекам і Панам Богам. Першы від перашкодаў яны называлі “сеткамі Пятра”. Гэтая назва звязаная з евангельскай сцэнай, калі апосталы, не разумеючы місіі Хрыста і расчараваныя Яго Укрыжаваннем, вярнуліся да сваіх рыбацкіх сетак, да рыбалоўства. За гэтым евангельскім вобразам крыецца праўда аб тым, што кожны чалавек імкнецца стварыць сабе нейкія тылы для адступлення. У асабістым жыцці верніка такое забеспячэнне пагражае асабліва ў сітуацыі незразумення Божых планаў або ў нейкіх цяжкасцях у адносінах з Богам. Тут можа ўзнікнуць спакуса вярнуцца да ранейшага, да таго, што суцяшала перад сустрэчай з Хрыстом. Варта кожнаму хрысціяніну часта задаваць сабе пытанне аб старых прывязанасцях. Пытацца аб тым, ці нешта (або нехта) не застаецца для мяне альтэрнатывай, калі не ўдадуцца адносіны з Богам?

Акрамя гэтага, Айцы Касцёла звярталі ўвагу на другі від перашкодаў у адносінах з Богам. Вобразна яны гэта называлі “камерай мытніка”, навязваючы да евангельскай аповесці пра мытніка Мацвея, які меў забяспечанае жыццё, але пакінуў усё і стаў апосталам Хрыста. Грэшнае жыццё мытніка апіралася на фінансавых махінацыях, багацці і бруднай працы. Яно было для яго нейкім спосабам самапацяшэння, ілюзіі стабільнасці. Але адначасова было тым, што блакавала яго адносіны з Богам, ішло ў разрэз з верай і мараллю. Як жа чуйнымі трэба быць хрысціянам, каб не дазволіць злому духу або ўласнай наіўнасці спакусіць пабудовай матэрыяльнай альтэрнатывы Богу. Стварыць гэтакі зямны рай. Людзі часам пагаджаюцца на пякельную працу, разрыў адносінаў з Богам і бліжнімі, ламанне свайго жыцця і сям’і. І ўсё гэта яны гатовы апраўдаць ілюзіяй пабудовы зямнога ўласнаручнага раю. Але калі надзея на яго пабудову можа яшчэ цешыць, то фініш будаўніцтва заканчваецца вялікай драмай расчаравання – рай аказаўся чарговым міражом.

Некаторыя людзі толькі пасля цяжкіх драматычных падзеяў пачынаюць разумець, што найбольш праўдзівае і рэальнае ў іх жыцці – гэта блізкая асоба, гэта добрыя адносіны, цёплыя кантакты, любоў. Але нават самыя блізкія чалавечыя кантакты бяссільныя перад моцамі смерці. Глыбока і сур’ёзна веруючая асоба нарэшце можа адкрыць, што за брамай зямнога жыцця прыдзецца пакінуць самыя блізкія і дарагія чалавечыя кантакты. А ўпэўнена пераступіць парог Вечнасці той, хто не згубіць найбольш каштоўнай і непадуладнай смерці сувязі з Жывым і вечна Любячым Богам. Гэта найбольш каштоўныя, найглыбейшыя і вечныя адносіны.








All the contents on this site are copyrighted ©.